Калі чалавек ініцыятыўны, то ў большасці выпадкаў – ва ўсім. Гэтую ісціну пацвердзіла чарговая дыялогавая пляцоўка, што прайшла на бягучым тыдні ва Ушачах і сабрала ад удзельнікаў – актывістаў раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” – рэкордную колькасць прапаноў па ўнясенні змен у заканадаўчыя акты краіны.
Пра тое, на якія віды льгот зараз могуць разлічваць мнагадзетныя сем’і, як часта карыстаюцца імі ўшачане, расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.Васілеўская, якая, дарэчы, сама з’яўляецца мнагадзетнай матуляй. Падтрымка, сапраўды, унушальная: сямейны капітал, штотыднёвы аплачваемы выхадны, розныя бонусы для набыцця жылля, пры выхаванні і навучанні дзяцей, аплаце падаткаў і іншыя. Аднак, па словах Святланы Пятроўны, усё ж ёсць моманты, якія патрабуюць дапрацоўкі. У прыватнасці, варта разгледзець магчымасць уключэння водпуску па доглядзе за дзіцем да трох гадоў у пенсійны стаж (зараз ідзе толькі ў агульны). Было б выдатна вярнуць сюды і перыяд навучання ў вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай установе.
На думку ўдзельнікаў сустрэчы, добра было б прадугледзець прызначэнне мацярынскага капіталу сем’ям пры нараджэнні другога дзіця, хаця б у меншай суме.
Патрабуе змен і пытанне арганізацыі работы з грамадзянамі пэўных катэгорый. Пра гэта ад імя калектыву тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна казала вядучы спецыяліст па арганізацыйна-кадравай рабоце раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” М.Антуновіч. Зараз для афармлення догляду за пажылым чалавекам, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту, патрабуецца І група інваліднасці. Але ж каб яе атрымаць – нават пры наяўнасці на тое аргументаў – бабулям і дзядулям даводзіцца праходзіць шматлікія медыцынскія камісіі, падоўгу чакаць. Калі ж абмежаванне наконт групы зняць, як, дарэчы, было ў ранейшыя гады, жыццё многіх пажылых значна аблегчыцца.
Закранулі ўдзельнікі сустрэчы і пытанне фінансавай падтрымкі юных зорачак. Каб разлічваць на трапленне ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, ім трэба “засвяціцца” на рэспубліцы, а спачатку – у раёне і вобласці. Аднак для гэтага толькі таленту недастаткова – патрэбны немалыя сродкі на тую ж фанаграму, сцэнічныя касцюмы… Не ў кожнага з бацькоў яны знойдуцца. Дапамагчы ж у гэтым змог бы прадугледжаны ў бюджэце артыкул расходаў на падрыхтоўку падрастаючага пакалення да фестываляў і конкурсаў, матэрыяльнае заахвочванне пераможцаў, якія зараз у большасці сваёй атрымліваюць толькі дыпломы.
Пра работу з маладымі спецыялістамі – інфармаванне іх аб прадугледжаных заканадаўствам ільготах, арганізацыю сустрэч з кіраўніцтвам раёна і іншае – казала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы, старшыня пярвічнай арганізацыі райвыканкама РГА “Белая Русь” В.Шахноўская. Яна зазначыла, што актуальным зараз з’яўляецца пытанне настаўніцтва – калі за “новаспечаным” спецыялістам замацоўваецца вопытны калега, гатовы адказаць на хвалюючыя пытанні, даць слушную параду, праводзіць работу з улікам адмысловага плана. На жаль, да сваіх абавязкаў, якія з’яўляюцца бясплатнай дадатковай нагрузкай (у адзінкавых арганізацыях – напрыклад, у філіяле аблспажыўтаварыства – грашовыя выплаты прадугледжаны калектыўным дагаворам), некаторыя настаўнікі адносяцца з неналежнай адказнасцю. Таму варта было б замацаваць на заканадаўчым узроўні матэрыяльнае заахвочванне гэтай катэгорыі работнікаў, прапісаўшы і абавязковыя для выканання задачы.
Для моладзі надзвычай важнымі з’яўляюцца пытанні аплаты працы і жыллёвае. Вырашыць апошняе дапамагае дзяржава – тыя спецыялісты, якія прыехалі ў раён па размеркаванні і маюць дагавор мэтавай падрыхтоўкі, прызнаюцца маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, таксама гэтая катэгорыя мае першачарговае права на прадстаўленне арэнднага жылля (пры ўмове, што ў іх саміх і членаў сям’і ў гэтым населеным пункце няма ва ўласнасці квадратных метраў). Па словах Вольгі Мікалаеўны, дадатковыя бонусы прапануюць сваім спецыялістам некаторыя арганізацыі, напрыклад, філіял аблспажыўтаварыства і райбальніца: для такіх кадраў прадугледжаны выплаты на здымнае жыллё, для некаторых – аплата праезду да месца працы. Хацелася б бачыць такое і ў іншых калектывах.
Заахвоціць работнікаў бюджэтнай сферы (асабліва прадстаўнікоў нізкааплачваемых спецыяльнасцяў культуры, сельскай гаспадаркі) дазволіць павелічэнне заработнай платы. Для адзначанай катэгорыі варта перагледзець сістэму яе налічэння, уключыўшы, скажам, дадатковыя выплаты за спецыфіку працы.
Пра справы вясковыя, якія ў многім кладуцца на плечы работнікаў сельвыканкамаў, расказаў прысутным старшыня названай службы з Вялікіх Долец А.Сыс. Улічваючы значную нагрузку, мэтазгодна, на яго думку, павялічыць штатную колькасць работнікаў і ўвесці, скажам, пасаду інспектара. Гэта б крыху разгрузіла двух цяперашніх спецыялістаў, дазволіла без праблем пайсці ў водпуск ці на бальнічны. Прапанаваў Алег Леанідавіч разгледзець пытанне і з павелічэннем фінансавання сельвыканкамаў. Цяпер, для прыкладу, сродкі на набыццё паліва выдзяляюцца для службовага аўтамабіля з разліку тысячы кіламетраў на адзін месяц. А гэтага вельмі мала!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
- Падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Н.М.Марковіч падзякавала ўсім за актыўнасць у вызначэнні прыярытэтаў развіцця краіны і нагадала, што ўсе прапановы будуць накіраваны на вобласць для далейшага разгляду і магчымага ўключэння ў спіс тых, што будуць абмеркаваны на важнейшым рэспубліканскім форуме.
- На думку ўдзельнікаў сустрэчы, добра было б прадугледзець прызначэнне мацярынскага капіталу сем’ям пры нараджэнні другога дзіця, хаця б у меншай суме.