Працягваецца работа дыялогавых пляцовак, у рамках якіх ідзе збор і выпрацоўка прапаноў па актуальных пытаннях далейшага развіцця краіны. Напрыканцы мінулага тыдня хвалюючыя тэмы разам з прадстаўнікамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абмяркоўвалі ў працоўных калектывах УП ЖКГ і лясгаса.
Камунгасаўцы ўзнялі адно, але вельмі злабадзённае для іх пытанне, якое датычыцца змянення нормаў бюджэтнага заканадаўства. Справа ў тым, што работы па добраўпарадкаванні райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў, якія прадпрыемства выконвала ў 2015-2020 гадах, засталіся неаплачанымі. У адпаведнасці з заканадаўствам, фінансуюцца яны за кошт мясцовых бюджэтаў. А паколькі спыненне на працяглы час выканання такіх работ істотна паўплывае на стан дарог і грамадскіх тэрыторый, камфорт жыцця насельніцтва, арганізацыі працягваюць выконваць іх нават пры адсутнасці дастатковага аб’ёму фінансавання.
Па меркаванні работнікаў УП ЖКГ, стварэнне прававой асновы для законнасці накіравання бюджэтных сродкаў на аплату выкананых у мінулыя гады работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў магчыма рэалізаваць шляхам выдання адпаведнага распараджэння Прэзідэнта.
“За пяць год наша камунальнае прадпрыемства “напрацавала” на такіх работах 754 тысячы рублёў. І калі б нам удалося атрымаць гэтыя сродкі, мы б накіравалі іх на развіццё базы, набыццё тэхнікі, дзякуючы якой змаглі б палепшыць якасць і аператыўнасць паслуг, – адзначыў кіраўнік УП ЖКГ А.Сідзюк. – Так, напрыклад, нам вельмі патрэбны новы смеццявоз, бо з-за недахопу гэтай спецтэхнікі не заўсёды захоўваецца графік вывазу адходаў, ад насельніцтва паступаюць нараканні”.
Канстатавалі ўдзельнікі сустрэчы, што недастаткова высокай застаецца пакуль і сярэдняя зарплата на прадпрыемстве: за мінулы год яна склала 697 рублёў. Вядома ж, тут актыўна шукаюць унутраныя рэзервы, аднак станоўчае вырашэнне агучанага пытання стала б вельмі моцным фактарам для развіцця прадпрыемства, работа якога непасрэдна ўплывае на якасць жыцця людзей.
Канструктыўным і зацікаўленым атрымаўся дыялог і ў лясгасе, дзе таксама былі агучаны злабадзённыя пытанні, якія членам працоўнага калектыву хацелася б вынесці на разгляд VI Усебеларускага народнага сходу. У прыватнасці, лясгасаўцы прапанавалі больш актыўна будаваць арэнднае жыллё для замацавання кадраў з правам наступнай прыватызацыі пасля дзесяцігадовага стажу работы на прадпрыемстве.
Наталля БАГДАНОВІЧ.