На мемориальных плитах искала имя отца. Воспоминаниями о войне Зинаиды Мандрик

Общество

“Не раз узнагароджвалася за добрую работу экскурсійнымі паездкамі. Была ў Ленінградзе, на Украіне і Румыніі. І ў кожным горадзе спяшалася да помнікаў і абеліскаў, дзе пахаваны воіны-вызваліцелі, уважліва ўглядалася ў мемарыяльныя пліты, спадзеючыся ўбачыць роднае імя бацькі. Аднак бацькоўскае так нідзе і не знайшла… Я была маленькай дзяўчынкай, калі пачалася вайна. Тату Мікалая Міхайлавіча Шавалду адразу забралі на фронт. З вайны мы яго не дачакаліся, не атрымалі і ніякіх звестак аб ім, – прыгадвае жыхарка Вацлавова Зінаіда Мікалаеўна Мандрык”.

Яе дзіцячыя ўспаміны асацыіруюцца ніяк не з цацкамі, гульнямі і бесклапотным часам, а з цяжкасцямі і трывожнымі хвілінамі. Убачыўшы першыя фашысцкія самалёты над Вацлавовам і пачуўшы стрэлы, дзеці не разумелі, што адбываецца. “Памятаю, як бегалі хавацца ў бліжэйшы лес, а аднойчы ў вёсцы стала зусім небяспечна і мы з мамай, цёткай і братам вымушаны былі ўцякаць з родных сцен. А вось маёй старэнькай бабулі ў такія “падарожжы” адпраўляцца не дазволіла здароўе і сілы. Начаваць прыходзілася ў лесе, а калі пашанцуе – спыняліся ў добрых людзей. Часам заставаліся галоднымі і было вельмі страшна. Падчас такіх блуканняў апынуліся непадалёк ад Паперына, дзе на нашых вачах была смяротна ранена цётка. На руках у мамы засталіся не толькі мы з братам, а і асірацеўшы маленькі пляменнік. Некаторы час жылі ў тых мясцінах, дзе нас прытуліла пажылая пара, а пазней вярнуліся ў сваю вёску. Пачыналася новая старонка жыцця. Ці трэба казаць, як нялёгка было нашай сям’і, асабліва ў першыя пасляваенныя гады, спадзяваліся толькі на сябе!” – кажа З.М.Мандрык.

Таму змалку яна была прывучана да любой працы, ды і сама імкнулася дапамагчы маці. Напрыклад, застаўся ў памяці яскравы эпізод, як з братам ячмень таўклі на крупы, выпрацаваўшы сваю тактыку – у ступе трэба было ўдарыць 200 разоў.

Скончыла Зінаіда Мікалаеўна Старасельскую сямігодку і вельмі хацела вучыцца далей, але наступны клас у Мосарскай школе яна наведвала толькі адну чвэрць: беднасць і адсутнасць сродкаў сталі перашкодай. Але гэта не паўплывала на сумленныя адносіны да працоў­най дзейнасці. На мясцовай ферме жанчына была цялятніцай і свінаркай, потым лабарантам на сепаратарным пункце ў Мосары. “Дома трымалі вялікую падсобную гаспадарку, якая была істотнай падмогай. Зарплата ў 70 рублёў на той час – зусім не раскоша, гэтага хапала толькі на самае неабходнае, якія-небудзь ласункі сабе дазволіць не маглі. Доўга збіралі грошы мужу на матацыкл, каб ён мог ездзіць на працу ў Бароўку, а не хадзіць туды штодня пешшу”, – гаворыць З.М.Мандрык. Ніколі яна не давала сабе паслаблення, не ведала, што такое лянота, і заўсёды была ў ліку перадавікоў пяцігодак. Таму і выпадала магчымасць разам з іншымі працаўнікамі гаспадаркі ездзіць у цікавыя экскурсійныя паездкі. Адна з такіх – у Маскву – якраз супала з пахаваннем Л.І.Брэжнева і запомнілася найбольш.

І зараз нягледзячы на паважаны ўзрост Зінаіда Мікалаеўна не можа сядзець без справы. На сядзібе ўсё акуратна і дагледжана, у яе палісадніку ўжо расцвілі першыя веснавыя кветкі, а ў доме падрастае расада. “А як жа без работы? Гэта немагчыма! Да мяне і дочкі з Ушач і Наваполацка часта прыязджаюць праведаць, дапамагчы, але пакуль ёсць сілы і сама варушуся, рух – гэта жыццё!” – аптымістычна заяўляе жанчына.

Пра нялёгкія гады яна не любіць успамінаць, і збіраючыся разам з сяброўкамі, якія таксама з’яўляюцца дзецьмі вайны, абмяркоўваюць мірны час, падзеі ў краіне, вобласці, раёне і радуюцца магчымасці праводзіць “восень жыцця” пад мірным небам на роднай зямлі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *