Глазами детей войны. Воспоминания Марии Василевич

Общество

Выгляд крапівы ці нават вымаўленне гэтага слова міжволі выклікае ў Марыі Андрэеўны Васілевіч фізічнае адчуванне пякоты. А пайшло гэта з моманту далёкага ваеннага дзяцінства, калі падчас авіяналётаў на Кублічы вялікая сям’я Шахноўскіх бегла хавацца ў хмызняк ля возера. І хоць дзяўчынцы было тады каля чатырох гадоў, яна памятае, як у небе кружылі самалёты з крыжамі, ад якіх аддзяляліся чорныя катушкі-бомбы, а яны, шасцёра дзяцей, гадзінамі моўчкі сядзелі ў зарасніках пякучай крапівы…

Аднойчы загарэлася іх хата, і маленькая Марыя на ўсё жыццё запомніла, з якой роспаччу глядзела мама на вуголле, калі яны разам прыйшлі да свайго былога жытла. Застаўся ў памяці і эпізод, калі напярэдадні баёў за вызваленне родных мясцін кублічане сабраліся ў вялікім склепе, дзе захоўвалася калгаснае малако. Было там вельмі холадна, і старыя стаялі ў дзвярах на варце, каб малыя не вылезлі наверх. І раптам нехта крыкнуў, што ідзе “руская танка з зоркай”, – людзі выскачылі са сховішча і радасна кінуліся да танкістаў, пачалі іх падкідваць на руках…

Незагойнай ранай для сям’і Шахноўскіх стала страта старэйшага сына Пятра. Неяк немцы сабралі па наваколлі кароў і загадалі некалькім вяскоўцам гнаць статак да Польшчы – у іх лік трапіў і Пеця, які на той час быў падлеткам. Калі дайшлі да мяжы – жывёлу пачалі грузіць у вагоны, а людзей – адпраўляць у лагер. “Давай паспрабуем уцячы!” – прапанаваў хлопцу мужчына з Сорзава. “Нас заб’юць!” – не рашыўся падлетак. Пра гэту размову расказаў яго бацькам той самы вясковец, якому ўсё ж удалося збегчы і вярнуцца дамоў. А Шахноўскія больш свайго сына не бачылі, хоць пазней прыклалі шмат намаганняў, каб адшукаць якія-небудзь звесткі, звярталіся нават у вядомую перадачу “Жди меня”…

Пасля вайны сям’я пераехала ў Касары, бо бацьку назначылі туды лесніком. У вёсцы на той час былі адны зямлянкі, а вось у суседняй Ульянаўцы захаваўся маленькі домік, дзе яны і пасяліліся. Добра запомніла Марыя свой першы вучэбны дзень: бліжэйшая школа была ў Садках, і павёў яе туды на пару гадоў старэйшы брацік. Замест дошкі ў хаце, дзе займаліся вучні, вісела металічная бляха. Побач з ёй стаяла печ, на якой сядзела старая бабуля. Час ад часу яна падкідвала ў топку дровы, а потым вымала вуголле, якім і пісалі на дошцы. Дамоў дзяўчынка ледзь дайшла – была слабенькай ад недаядання. І навучанне ў першым класе для яе на гэтым скончылася.

У наступны раз яна села за парту, калі ў Касарах адкрылі сваю школу: у 1948-м у вёсцы пабудавалі два дамы для мнагадзетных сямей, мужчыны ў якіх загінулі на фронце, і палову аднаго адвялі пад вучнёўскі клас. За вялікім сталом, які вяскоўцы збілі з дошак, сядзелі і малышы, і 14-гадовыя падлеткі. А вось сямігодку ў Капцах, куды потым хадзіла Марыя, пабудавалі з разабранай і перавезенай з Афераўшчыны царквы. Яркай падзеяй для дзяўчыны і яе аднакласнікаў стала ўступленне ў камсамол у 1954-м. Прымалі ў арганізацыю ў райкаме ва Ушачах, і каб дабрацца туды пешшу, школьнікі выйшлі ноччу, трапілі ж у пасёлак толькі а трэцяй гадзіне дня. Хваляваліся, па шляху паўтаралі палажэнні статута, аднак ніводнага пытання стомленым дзецям у райкаме не задалі, сказаўшы: “Бачым, што вы загартаваныя камсамольцы!”

Вучылася Марыя добра, аднак адукацыю давялося спыніць, бо ў восьмы клас трэба было пешшу хадзіць у Вялікія Дольцы, ды і вучоба ў выпускных класах была платнай. Пайшла ў калгас, адгукнуўшыся на заклік партыі “Моладзь – на фермы!”

– Працавалі з сяброўкай цялятніцамі, а аднойчы наш старшыня Фёдар Давыдавіч Сурвіла прыехаў на ферму і загадаў: “Будзеце дэлегатамі ад гаспадаркі на раённым свяце моладзі, якое ладзіцца ў Лутаўскім лесе – збірайцеся ў дарогу!” – расказвае Марыя Андрэеўна. – “Мы не можам, у нас абутку няма”, – засамоціліся мы. І тады старшыня пасадзіў нас на падводу і павёз у краму, якая размяшчалася ў адным з прыватных дамоў. “Выдай дзяўчатам па пары басаножак, – звярнуўся ён да прадаўца. – За кошт калгаса, аформім потым як вупраж для каня…” Цяжка перадаць, якімі мы былі шчаслівымі, абуўшы васьмірублёвыя басаножкі! І, канечне, мы іх вельмі бераглі, насілі толькі на выхад…

Марыя была вельмі адказнай і неўзабаве ёй даручылі пасаду кладаўшчыка. А паколькі добра ведала грамату, пазней назначылі сакратаром-машыністкай. На ёй заўсёды была і шматлікая грамадская работа. Усе справы, за якія бралася гэтая жанчына, яна выконвала старанна і бездакорна.

Ёсць у Марыі Андрэеўны захапленне, якое яна пранесла праз усё жыццё. Рукадзеллю яе навучыла мама, і як каштоўную рэліквію захоўвала жанчына сатканую ёю прасціну і прыгожыя льняныя карункі. Нядаўна ж Марыя Андрэеўна перадала гэтыя старажытныя рэчы ў музей Дома рамёстваў. Яна выдатна вяжа і вышывае, з’яўляецца ўдзельніцай народнага клуба “Адраджэнне”. Штораз, як прыязджае ў райцэнтр, абавязкова заходзіць у Дом рамёстваў, каб пагутарыць з майстрамі, падзяліцца сваімі творчымі прыёмамі. Нядаўна, напрыклад, навучыла маладую майстрыху вышыванню балгарскім крыжыкам. А на свята 8 Сакавіка вырабы М.Васілевіч дэманстраваліся на выставе, якую клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў разгарнуў у Раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

…У пасляваенныя гады на канікулах усе касарскія дзеці дапамагалі дарослым працаваць у лесе. Кожнай сям’і выдзяляўся ўчастак гадавальніка, які трэба было прапалоць не менш трох разоў за сезон, займаліся таксама і пасадкамі. За Шахноўскімі было замацавана 40 сотак у напрамку Лясін. Зараз тыя дрэўцы сталі вялікімі і магутнымі, а Марыя Андрэеўна вельмі любіць тут бываць, збіраць грыбы і ягады. Даўно выраслі і трое яе дзяцей, падарылі ёй унукаў. Калі ж летам яны прыязджаюць у Касары – абавязкова ідуць разам у свой “сямейны” лес. Жыццё працягваецца і абнаўляецца, і кожны чалавек можа пакінуць у ім свой дастойны і прыкметны след.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *