Першы партызанскі атрад Дубава разбіў лясны лагер вясной 1942 года ў лесе ў Шурагоўцы, недалёка ад Жар, што нешырокай паласой злучаўся з Бярэзінскім запаведнікам. Іх першая значная аперацыя, якая павысіла аўтарытэт сярод насельніцтва і папоўніла рады, – разгром жарскага нямецкага гарнізона. І было гэта помстай за Івана Кулакова – аднаго з першых і самых актыўных памочнікаў Ф.Дуброўскага па падпольнай рабоце.
Іван Аляксандравіч да вайны быў настаўнікам. Ён абышоў вёскі Ушацкага і часткова Лепельскага раёнаў, завербаваў у атрад дзясяткі чалавек. У яго распараджэнні знаходзілася і тры радыёкропкі, дзякуючы якім ён слухаў звесткі савецкага інфармбюро, а потым сам жа распаўсюджваў лістоўкі са свежай інфармацыяй. Калі немагчыма было працаваць на адной кропцы, пераходзіў на другую, але насельніцтва добра ведала і пра паражэнне немцаў пад Масквой, і пра іншыя няўдачы на Усходнім фронце. Паколькі акупанты і паліцаі пільна сачылі за з’яўленнем у вёсках чужых асоб, то Іван сам хадзіў на хутар пад Вацлавова, дзе размяшчалася перакінутая з-за лініі фронту група Фёдара Фаміча Дуброўскага.
У сакавіку 1942 года быў назначаны агульны сход усіх падпольшчыкаў раёна ў Істопінскім лесе. Ён прайшоў ужо без Кулакова, а мог не адбыцца зусім, акажыся Іван хоць на крышачку слабейшым…
Напярэдадні ён вяртаўся з Вацлавова. Дуброўскі хацеў, каб заначаваў у яго – у навакольных вёсках бачылі немцаў. Ды Іван кінуў сваю любімую фразу “Жывы будзем, не памром”, паклаў у кішэню лімонку і пісталет, і крочыў у Жары. “Ці ёсць немцы?” – запытаўся ў жанчыны, што сустрэлася на шляху. “Не бачыла”, – буркнула тая. Толькі дрэннае прадчуванне нарастала, падалося, што за ім сочаць. Азірнуўся і ўбачыў белыя цені, што набліжаліся з розных бакоў. Паспеў адкінуць у снег пісталет і лімонку.
“Партызан”! – крычалі абступіўшыя яго немцы.
– Што вы, паны, я не партызан – за доктарам хадзіў, дзеці захварэлі.
– Дык ты ўжо ажаніцца паспеў? І дзеці ёсць? – запытаўся ў яго на рускай мове невысокі чалавек, які з ухмылкай глядзеў Кулакову ў вочы. – Лепш кажы, дзе Дубаў.
Іван зразумеў, што падмануць фашыстаў не атрымалася, зірнуў у бок, куды адкінуў зброю – таксама позна – там ужо быў немец з аўчаркай.
Яго кінулі ў падвал мясцовай школы ў Двор Жарах. Доўга білі – падпольшчык маўчаў. Нацкавалі аўчарку, якая рвала цела, грызла. Ні слова. Тады выкалалі вочы, адрэзалі язык, выразалі на спіне зорку і жывым кінулі ў магілу, якую Кулакоў сам капаў сабе пераламанымі рукамі.
Яму было толькі 26 год, не паспеў стварыць сям’і, з цеплынёй расказваў пра маці, будаваў вялікія планы… Аднак зусім недарэмнай была яго смерць. Іван Аляксандравіч стаў сімвалам мужнасці. Перад тым як накіроўваць партызан на заданні, камбрыг часта прыгадваў Кулакова. Ды і наогул складана прадказаць, ці была б на Ушаччыне партызанская зона, калі б ён не вытрымаў катавання і выдаў месцазнаходжанне Дуброўскага.
Дарэчы, свой першы бой партызаны выйгралі таксама чыста псіхалагічна. У іх было толькі два аўтаматы і адна вінтоўка. Аднак, акружыўшы школу, дзе размяшчаўся гарнізон, Дуброўскі пачаў выкрыкваць каманды, быццам кіруе батальёнам. “Першая рота – захадзі справа, другая – лявей”. Немцы кінулі і кулямёт, і боепрыпасы, і лічы што без бою пакінулі гарнізон назаўсёды.
Вольга Караленка.
***
Наш дзядзька Іван
Прачытала ў газеце артыкул пра Івана Аляксандравіча Кулакова і вельмі расхвалявалася. Дастала з альбома чорна-белы здымак, які, парваны, захаваўся з даваенных часоў і быў спецыяльна адноўлены. Гэта адзінае фота, на якім мая маці разам са сваім малодшым братам Іванам. Так, гераічны падпольшчык Іван Аляксандравіч Кулакоў – мой родны дзядзька, таму і захацелася расказаць пра тое, што ведаю ад родных.
Да вайны яны жылі ў вёсцы Зуі – зараз Рыбакі былога Селішчанскага сельсавета. Дзед Аляксандр памёр рана, і Акуліна Іванаўна, бабуля, спачатку адна выхоўвала трох дзяцей, а потым выйшла замуж. Айчым быў строгім, ва ўсякім выпадку маці Ганна Аляксандраўна прыгадвала сваё дзяцінства без радасці, называла сірочым. Скончыла яна толькі 4 класы, нямнога вучыўся і старэйшы брат Мікалай, які прайшоў Фінскую і Вялікую Айчынную войны, а потым паехаў на асваенне Цаліны. Толькі Іван з-за сваёй надзвычайнай упартасці скончыў не толькі сямігодку, але і Лепельскае педагагічнае вучылішча. Хадзіў туды пешшу, таму і выдатна ведаў навакольныя вёскі і людзей, якіх потым і агітаваў у партызаны.
Нягледзячы на тое, што быў малодшым, да яго парад прыслухоўваліся. Менавіта Іван падказваў маці, які ўбор лепш пасуецца, калі яна збіралася на танцы. У матэрыяле напісана, што ён не паспеў стварыць сям’і. Гэта так, аднак каханая ў яго была, Вольга Лабёнак са Старога Сяла.
Па размеркаванні ён трапіў у школу ў Двор Жарах. У тую, што размяшчалася ў панскім будынку і ў падвале якой яго і закатавалі. Казаў родным, што вельмі любіць гэтую вёску, панскія алеі, па якіх часта гуляў. Незадоўга да смерці прыходзіў у Зуі. Пра тое, як над ім здзекаваліся, родныя не ведалі. Нават калі пасля паведамлення пра гібель сына бабуля і хадзіла ў Двор Жары, ніхто ёй нічога не расказаў. Яна меркавала, што Івана выдаў нехта са сваіх. Пазней я прачытала пра дэталі яго гібелі ў дакументальнай аповесці Шопы і Шлыка, хаця замест Івана там было напісана Аляксандр.
Не толькі я, а і мае дзеці і ўнучка праз сябе прапусцілі тыя пакуты, якія вынес Іван Аляксандравіч Кулакоў. Хаця ўявіць нам такое і немагчыма. Яго імя занесена на помнік у двары былой Жарскай школы. Мы сям’ёй, як і сястра маці ад другога шлюбу Валянціна былі там неаднойчы. А ўнучка Танюша Кіліна на чарговую палітінфармацыю панесла выразку з “Патрыёта”. “Раскажу ўсім пра свайго гераічнага стрыечнага прадзеда”, – паведаміла яна. Пра далёкую вайну яна перш за ўсё будзе памятаць праз гэты эпізод, што адбыўся з родным для яе чалавекам. А колькі такіх патрыётаў было на нашай Ушаччыне, па ўсёй Беларусі.
Дарэчы, аўтарытэт дзядзькі Івана паўплываў на тое, што я таксама стала педагогам. А яшчэ мая любімая настаўніца і дырэктар Варвара Сцяпанаўна Мірановіч, матэрыял пра якую таксама нядаўна быў у газеце. Яна выкладала ў нас рускую мову і літаратуру, а паколькі хапала арганізацыйных клопатаў, нярэдка пакідала мяне ў класе за настаўніцу. І ўсе загадзя ведалі, што я буду паступаць у пед.
Аднак паколькі жылі бедна, заканчвала вячэрнюю школу (была ў ліку першых выпускнікоў), паралельна працуючы даяркай у “Бальшавіку” – калгасе ў нашым Двор Пліне. Ніколі не забудуся, што якраз адбываліся рэформы, тэрмін навучання ў вячэрняй школе падоўжылі да 11 класаў. І Варвара Сцяпанаўна ездзіла ў Міністэрства адукацыі і дабілася дазволу здаваць нам экзамены пасля дзесяці. Даказала, што мы прайшлі поўны курс. Праўда, на іспыты па матэматыцы прыехала інспектар з вобласці, вельмі шмат дадатковых пытанняў задавала, аднак усё ж паставіла мне 5.
Л.ФАМІНА.