В Плинском клубе прошло мероприятие, посвящённое заслуженной учительнице Беларуси и участнице антифашистского подполья Варваре Миранович

Общество

У Плінскім клубе 23 лютага адбылася адметная вечарына. І прысвячалася яна, канечне, абаронцам, аднак не мужчынам, а хударлявай інтэлігентнай жанчыне, якая карысталася ў наваколлі, ды і ва ўсім раёне бязмерным аўтарытэтам. Заслужанай настаўніцы Беларусі, выдатніка народнай адукацыі Варвары Сцяпанаўны Мірановіч не стала ў гэты дзень роўна дзесяць гадоў таму, а ў канцы снежня 2019 яна б адзначыла свой соты юбілей. Пра легендарную жанчыну, удзельніцу антыфашысцкага падполля, якая пасля Вялікай Айчыннай вайны 31 год узначальвала Плінскую школу, прыгадвалі былыя калегі, вучні і дачка Людміла. Прыехалі ўнукі і праўнучка, але самае шчымлівае, што прыйшлі нават людзі, якія ніколі з ёй не сустракаліся…

Ішоў 1941 год. У Варвары Сцяпанаўны 14 ліпеня нарадзіўся першынец, а ў сакавіку 1942-га яна ўдзельніца першага тайнага сходу камсамольцаў Плінскай сямігодкі, сакратаром пярвічкі якой была да вайны. Марыя Іванаўна Аўласенка, Надзея Пятроўна і Ганна Віктараўна Бутоўскія, Ганна Іванаўна Халіп, Антаніна Спірыдаўна Касцюковіч, Ніна Емяльянаўна Ярмош, Нэлі Станіславаўна Русецкая, Лукер’я Іванаўна Пугачова. Гэтыя маладыя жанчыны, ставячы пад пагрозу жыццё сваіх сямей, агітавалі іншых і хутка перайшлі да канкрэтных учынкаў. Н.С.Русецкая змагла перадаць у лагер ваеннапалонных жаночую вопратку для некалькіх чалавек, якія потым пераапрануліся і збеглі. Таксама камсамольцы тайна арганізавалі збор прадуктаў харчавання. А 2 кастрычніка 1942 года Варвару Сцяпанаўну прызначылі пазаштатным інструктарам Ушацкага падпольнага райкама камсамола. На зацвярджэнне і субяседванне яна дабіралася пад вёску Багародзецк Полацкага раёна, дзе знаходзіўся штаб партызанскай брыгады імя Чапаева.

Партызаны трымалі лінію абароны, а жанчыны кармілі, апраналі, абувалі іх. Восенню 1942 года з нашага раёна было адпраўлена за лінію фронту 200 падвод з хлебам. У гэту справу свой уклад унесла і насельніцтва Плінскай акругі дзякуючы агітацыі камсамольцаў. В.С.Мірановіч і Г.І.Халіп сабралі з Двор Пліна, Угрынак, Роўбаў, Матырына, Заазер’я перавязачны матэрыял, які быў перададзены ў атрад Ганчарова брыгады імя Панамарэнкі. У вёсцы Двор Пліна на працягу двух дзён выткалі палатна на 42 пары бялізны і 42 гімнасцёркі, якія насілі потым партызаны гэтай і 16-ай Смаленскай брыгады.

Адразу ў атрад Варвара Сцяпанаўна не трапіла з-за груднога дзіцяці, але пазней далучылася да мсціўцаў, у ліку якіх быў і яе муж Фёдар Фёдаравіч Касцюковіч. Кулямётчык станковага кулямёта, ён загінуў у Сержаноўскім лесе, калі партызаны адбівалі ў немцаў калону з мірнымі жыхарамі, якіх гналі ў Лепель. Падчас блакады застрэлілі і яе малодшага сына, немаўля, прывязанага да цела маці. Ён, па сутнасці, злавіў яе кулю. Пасля блакады памірае і старэйшы сынок… Яна засталася адна. Не, як заўсёды сярод людзей і работы, якой аддавалася заўзята. І хоць пазней стварыла сям’ю, яе дзецішчам заставалася Плінская школа.

На першую яшчэ ваенную настаўніцкую канферэнцыю завуч школы В.С.Мірановіч ішла басанож, а зарплата настаўніка складала 7 кілаграмаў зерня і 400 грамаў солі ў месяц. Пасля вайны ў школе вучылася 600 вучняў, а ў 1960-м годзе яна становіцца васьмігодкай. Варвара Сцяпанаўна – дырэктар з мая 1945-га – стварае першую ў раёне групу падоўжанага дня і арганізуе двухразовае гарачае харчаванне. Можна ўявіць, што гэта значыла для мнагадзетных, а часта і страціўшых кармільца сямей. Калектыў настаўнікаў быў спяваючы, і з канцэртамі яны ездзілі па вёсках раёна і за яго межы.

Варвара Сцяпанаўна дабіваецца будаўніцтва двухпавярховага будынка і асобнай сталовай. Праекта не было, з дакументацыяй дапамагаў яе брат Міхаіл, які меў інжынерную адукацыю. Раён выдзеліў матэрыялы, мясцовая гаспадарка транспарт, а дапамагалі ўзводзіць храм навукі бацькі вучняў і самі настаўнікі. З 1969 года Плінская школа мае статус сярэдняй. Была і свая вячэрняя, іспыты па заканчэнні якой трэба было трымаць ва Ушачах. Дык Варвара Сцяпанаўна прысутнічала на кожным экзамене, дзе адказвалі яе вучні, падтрымлівала. Дарэчы, яна не толькі ведала ўсіх, але і іх бацькоў, бо кожную сям’ю наведала асабіста. Нават пасля заканчэння педагагічнай дзейнасці Варвара Сцяпанаўна 17 год узначальвала ветэранскую арганізацыю свайго калектыву.

Гэта прыгадвалі на вечарыне яе калегі Галіна Серафімаўна Мірановіч і Сяргей Захаравіч Яскевіч, яе вучаніцы Галіна Мікалаеўна Кухарава і Кацярына Фёдараўна Касцюковіч. Дачка ж Варвары Сцяпанаўны Людміла Андрэеўна Саўчанка падзялілася з загадчыцай Плінскага клуба Верай Васільеўнай Дрозд фотаздымкамі і матэрыяламі для цікавай аб’ёмнай відэапрэзентацыі, прыгадала, што маці ніколі не карала і не павучала, як рабіць, ніколі не павышала голасу. Была вельмі адукаваным чалавекам, магла адказаць на пытанні з любой галіны, а яшчэ заўзятым працаголікам. Нават у сталым узросце не паехала да яе ў Віцебск. Казала: “Я буду вернай сваёй Ушаччыне”, хоць яна і немясцовая – апынулася тут па размеркаванні, скончыўшы ў 1939 годзе Аршанскі настаўніцкі інстытут. Спачатку быў чыгуначны рабфак, а пазней Гродзенскі педагагічны інстытут, бо той, першы, рыхтаваў нехапаючыя кадры па паскоранай двухгадовай праграме.

За старэйшай сястрой пераехалі на Ушаччыну яе родныя, яна дапамагла стаць на ногі многім з іх. У Двор Пліне жыла сястра Вольга, на Далеччыне – брат Канстанцін – бацька вядомага аўтара “міранізмаў”, у вершах якога часта сустракаецца імя Варвара. Ну а з вуснаў яе землякоў яно не сыходзіць і зараз.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *