“Тое, што вы яшчэ не пабывалі ў лячэбна-працоўным прафілакторыі – не ваша заслуга, а хутчэй недапрацоўка суб’ектаў прафілактыкі”, – такімі словамі сустракаў аднаго з запрошаных на пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры Кубліцкім сельвыканкаме пракурор раёна Максім Міхайлавіч Падворны. Мерапрыемства было ў пэўным сэнсе выязным, бо праходзіла не ў аграгарадку, а ў Селішчы – заслухоўвалі на ім як работнікаў мясцовай гаспадаркі, што дапускаюць парушэнні дысцыпліны, так і непрацуючых грамадзян, якія злоўжываюць спіртным і вядуць антысацыяльны лад жыцця.
Між іншым, многія з іх шчыра не лічаць гэта вялікай праблемай і здзіўляюцца, чаму іх выклікалі на пасяджэнне, кажуць, што жывуць “як і ўсе”. Толькі члены савета ніяк не могуць пагадзіцца з такім сцвярджэннем. Вось што давялося пачуць ад старшыні Кубліцкага сельвыканкама Марыі Васільеўны Ярмош у дачыненні адной з запрошаных грамадзянак: “У доме поўная антысанітарыя, не можа элементарна падмесці падлогу. Далі ў лік зарплаты ў гаспадарцы кавалак ялавічыны – згніў, бо ў гаспадыні рукі не даходзілі яго спарадкаваць. Трое дзяцей, трое ўнукаў, якія нават пры жаданні прыехаць пагасціць да бабулі ў вёску не змогуць гэта зрабіць з-за страшнага бардаку” ў яе хаце . Дапускае работніца жывёлагадоўлі і прагулы, прычынай якіх становіцца п’янства.
“Гэта ж 1 студзеня было, само-сабой зразумела…” – спрабуе апраўдвацца дзённы вартаўнік, у абавязкі якога ўваходзіць і выдаленне гною, і кармленне жывёлы. “Выхадных” у гэтай справе быць не можа, нават з такой прыемнай і радаснай нагоды, як нараджэнне шостага ўнука, – і наўрад ці нядбайныя работнікі гэтага не разумеюць. Як і тое, што “выпіўшы, лепш на работу зусім не прыходзіць, а прагуляць” – так казаў яшчэ адзін з жывёлаводаў. Яны ў курсе, што наймальнік мае поўнае права звольніць іх, але ў нейкім сэнсе паразітуюць на сітуацыі недахопу рабочых рук, ведаюць, што нават разарваўшы працоўныя адносіны, адміністрацыя гаспадаркі ў хуткім часе зноў будзе вымушана звярнуцца да іх паслуг.
Сямейная пара збіралася ў пошуках лепшай долі пераехаць у Лепельскі раён. Змяніць месца жыхарства можна, вось толькі не адмовіўшыся ад прывычнага – п’янага ладу жыцця, хутчэй за ўсяго не атрымаецца пачаць яго з чыстага ліста. Менавіта гэта спрабавалі ў чарговы раз данесці да запрошаных на пасяджэнне грамадзян члены камісіі. “Нікому нічога благога не раблю, наадварот, дапамагаю аднавяскоўцам!” – казаў пажылы мужчына, які даўно нідзе не працуе, перабіваецца выпадковымі заробкамі. Жыве без пашпарта, газу, з разваленай печчу ў радавым “раскіданым гняздзе”, бо інакш назваць тое, што засталося ад бацькоўскай хаты, нельга. “Вы – патэнцыяльная ахвяра, ваш лад жыцця поўнасцю гэтаму спрыяе, разумееце?” – звяртаўся да мужчыны начальнік Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Ілья Віктаравіч Кошкін, які таксама прымаў удзел у пасяджэнні. Па словах М.В.Ярмош, у “спагадлівага” памочніка вяскоўцаў у пераліку “паслуг” ёсць і абкос падворкаў, а ўласны патанае ў сухім быльніку і гэта таксама спрыяе пажаранебяспечнай сітуацыі. Яно і зразумела, за гэту работу ніхто бутэлькі віна не дасць…
Затое атрымаць штраф за неахайнасць прыдамавой тэрыторыі або за адсутнасць пашпарта – цалкам рэальна. “Заканадаўства дазваляе нам прымяняць розныя рычагі ўздзеяння да тых, хто не жадае думаць аб сабе сам, – казаў М.М.Падворны. – Не дапамогуць узяцца за галаву штрафы, грамадскія работы – далей будзе арышт, накіраванне ў ЛПП ці іншыя закрытыя ўстановы, дзе любіцелі выпіць пройдуць прымусовае лячэнне. Толькі агульнымі намаганнямі ўсіх суб’ектаў прафілактыкі можна выправіць сітуацыю”.
І станоўчыя прыклады такой работы ёсць. Менавіта неабыякавасць мясцовых органаў улады, грамадскасці дапамагла разарваць замкнутае кола аднаму з мясцовых жыхароў. Пасля смерці брата, на пенсію якога разам жылі, мужчына пэўны час “калыміў”, але калі рэзка пагоршылася здароўе, застаўся без сродкаў да існавання ў непрыдатнай да пражывання хаце. Трывогу забіла старэйшына вёскі Галіна Мікалаеўна Літвін, якая паведаміла аб такім становішчы аднавяскоўца старшыні сельвыканкама. Атрымаць хоць якую сацыяльную дапамогу ён не мог – не было дакументаў. М.В.Ярмош і Г.М.Літвін адшукалі ў Латвіі яго сястру, тая выслала сродкі, за якія былі пагашаны ўсе штрафы, дапамаглі атрымаць мужчыну від на жыхарства. І на пасяджэнні савета ён, завязаўшы са спіртным і, па словах М.В.Ярмош, памаладзелы гадоў на дваццаць, шчыра дзякаваў за дапамогу, казаў, што “без вас нічога сам не зрабіў бы”.
Адначасова з правядзеннем пасяджэння савета супрацоўнікі райаддзела МНС у рамках акцыі “Бяспека – у кожны дом” разгарнулі імправізаваны пост, праводзілі прафілактычныя гутаркі з грамадзянамі. Потым разам з членамі савета наведалі дамы і кватэры людзей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, чый лад жыцця выклікае трывогу і стварае небяспеку для іншых.
Дзмітрый Раманоўскі.