Надежда и Мария Иванкович похожи не только внешне, но и судьбой

Общество

Вялікдзень у 1944 годзе выпаў на 16 красавіка. Нягле­дзячы на тое, што фашысты значна звузілі партызанскую зону, у сям’і Іванковічаў з Бацяршчыны да яго рыхтаваліся – мылі вокны. За домам у зямлі было прыхавана жыта, бульба, буракі. Аднак сус­трэць разам свята так і не атрымалася. Ды і не было ўжо сям’і ў поўным складзе, калі спаткаліся пасля прарыву
варожай блакады.

Хоць і кажуць, што блізняты ніколі не разлучаюцца, Надзея і Марыя Іванковічы (зараз Надзея Тарасаўна Тускенус і Марыя Тарасаўна Мядзведзева) разбегліся, калі насельніцтва пачало хавацца ад немцаў у лесе. Таму і ўспаміны пра вайну ў іх крыху розныя. Марыя засталася з бацькамі, а Надзя згубілася. Спужалася блізкіх стрэлаў. Як высветлілася пазней, гэта былі свае, але гэтага не ведала і пабегла куды вочы глядзяць. Са стрыечнай сястрой праз Багародзецкае яны вярталіся дамоў вельмі доўга. Аднойчы трапілі на немцаў, якія па лесе аднаўлялі парваную партызанамі сувязь, і тыя ператрэслі партфель трынаццацігадовай дзяўчынкі, каб пераканацца, што там няма нічога падазронага. У Жарах Надзя сустрэлася з братам Іванам, які яшчэ ў пачатку вайны пайшоў у партызаны. Там усе жылі па хатах мірных жыхароў. Ён паспеў пратапіць лазню, дзе адагрэлася дзяўчынка – красавік у той год быў познім і халодным. Брат рушыў з баявымі таварышамі, а Надзя з сяброўкай далучыліся да калоны мірнага насельніцтва, што ішло ў напрамку Пліна. На падводах везлі параненых і дзяцей, якіх абстрэльвалі з самалётаў. Падчас аднаго з налётаў яна адстала ад сяброўкі, якую забіла непасрэдна пры прарыве блакады. Надзея ж лясамі рушыла ў адваротны шлях – дадому. У Пуканаўцы сабралася нямала мясцовых людзей, там знайшлі закапанае жыта, бульбу, і Надзея Тарасаўна і сёння памятае смак таго жытняга пірага. І хоць блізка было да роднай хаты, трапіла ў яе толькі праз некалькі месяцаў.

Немцы з сабакамі прачэсвалі лес. Адшукалі і іх, і разам з іншымі пагналі ў напрамку Полацка, каб потым накіраваць у Германію. Сагналі ў цялятнік, кармілі морквай з капустай. У лагеры яна правяла месяц, дзе давялося і папрацаваць на немцаў… чысціць бульбу. У адзін з дзён яна ўцякла ўслед за некалькімі дарослымі.

Зноў дарога дамоў, абмінаючы бальшакі, хаваючыся ў акопах, канавах ці жыце, якое ў канцы чэрвеня ўжо стаяла вялікім. Адным днём, калі чулася кананада баёў – блізкі фронт, у іх сховішча саскочыў салдат. Разведчык, нягледзячы на тое, што побач былі немцы, хутка рушыў далей, каб перадаць важныя звесткі.

А потым была сустрэча з Чырвонай Арміяй. Змучаныя пехацінцы засыналі ледзь не стоячы, клаліся ўздоўж бальшака.

І вось яна дома. У хаце, дзе не было ўжо маці, затое з’явіліся горкія ўспаміны сястры Мані. Сям’я Іванковічаў з групай аднавяскоўцаў хавалася ў лесе, дзе на ноч расклалі невялікае вогнішча. Яно і выдала мірных людзей. Бацька не стаў чакаць смерці на месцы, пабег, і яму ўдалося ўцячы. Астатніх немцы спаласавалі аўтаматнымі чэргамі. Маню параніла ў калена, яна доўга ляжала побач з мёртвай матуляй, баялася варухнуцца, а калі немцы праз пэўны час вярнуліся назад, не дыхаючы, затаілася сярод трынаццаці трупаў. Толькі калі бацька, вярнуўшыся, пачаў клікаць, ці ёсць хто жывы, яна падала голас. Гэтыя жудасныя ўспаміны не адпускалі Марыю Тарасаўну ніколі. Крыху пазней бацька цішком пахаваў жонку і суседку на могілках, астатнія так і засталіся ў брацкай магіле.

Хутка Тараса Васільевіча забралі на фронт, і дзяўчынкі засталіся пад наглядам цёткі. Скончылі ўсяго 4-5 класаў, бо трэба было нешта есці, апранаць. Вельмі рана, з 1947 года пачаўся працоўны шлях сясцёр-блізнят. “Днём у калгасе, вечарам прыбіральшчыцамі, у дадатак яшчэ работа па дагаворы, – прагадвае Надзея Тарасаўна, – і касілі, і лес за Дзвіной нарыхтоўвалі. Па 200 працадзён мелі за год. Марыя рана аўдавела, пахавала і сына. Многа ўсяго выпала на наш лёс, як і на ўсё даваеннае пакаленне”.

Закончыць аповед пра гэтых цудоўных жанчын хацелася б словамі іх аднавяскоўкі, былога старшыні Глыбачанскага сельсавета Людмілы Валянцінаўны Вялюгі, якая і прасіла напісаць пра сясцёр-блізнят. “Пражылі нялёгкае жыццё, аднак не зламаліся, не ачарсцвелі душой. Яны з пароды тых непрыкметных людзей, якія нікому не зрабілі зла, не абгаварылі, не асудзілі, не дакучалі, не скардзіліся і не патрабавалі. Хочацца, каб пра іх ведалі”.

І хоць саміх жанчын на зіму дочкі забралі да сябе і яны зараз за межамі раёна, артыкул пра іх прачытаюць родныя, якія жывуць у аграгарадку Глыбачка. Ды і суседзі, знаёмыя прыгадаюць пра сціплых жанчын, на якіх і трымаецца зямля.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *