Адразу некалькі арт-аб’ектаў з’явілася напачатку ліпеня ў гарпасёлку. У рамках праекта “Мая радзіма – Ушаччына” вялізная кніга – сімвал ведаў і мудрасці – разгарнула свае старонкі ля цэнтральнай раённай бібліятэкі, а ля цэнтра культуры і народнай творчасці з’явілася дзяўчынка з флейтай і прыгожая гітара.
– Ідэю стварэння малой архітэктурнай формы выношвалі даўно, сваю лепту ўнеслі многія работнікі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, члены пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, а таксама наш надзейны сябар і спонсар Аліна Казіміраўна Крацёнак, – расказвае дырэктар ЦБС Валянціна Уладзіміраўна Літвін. – З выбарам аб’екта не сумняваліся, а вось над яго “начыннем” давялося папрацаваць: падбіралі шрыфты і колеры, перачытвалі кнігі Еўдакіі Лось, імя якой носіць наша ўстанова, – каб знайсці падыходзячыя радкі, рабілі макеты… І вось адна з наваполацкіх фірм ператварыла нашу задуму ў рэальнасць – вынікам мы задаволены!
Адзначаны арт-аб’ект не баіцца вады і снегу. Ды і зрушыць кнігу з месца амаль немагчыма – работнікі ЦБС паклапаціліся пра выраб годнай металічнай апоры і яе ўстаноўку. Падумалі і пра дадатковае эстэтычнае афармленне – пень ад старой ліпы, размешчаны побач, пераўвасобілі ў арыгінальны кветнік, высадзіўшы ў яго петуніі. Зрэшты, пасля канчатковага прасыхання драўніны гэты элемент будзе ўдасканалены: падчышчаны і пакрыты лакам.
Непасрэдным аўтарам каваных фігур музычнай тэматыкі ля цэнтра культуры і народнай творчасці стаў таленавіты ўшацкі рамеснік Г.М.Карэйша.
– Канчатковага бачання патрэбных аб’ектаў не мелі, калі ўпершыню завіталі да Генадзя Міхайлавіча, – расказвае дырэктар установы Марына Пятроўна Макрыдзіна. – Аднак нашы ідэі майстар хутка зразумеў – і ўжо праз некалькі дзён прапанаваў на выбар каля дзесяці варыянтаў. Нічога не засталося па-за ўвагай: ні памер фігур, ні нахіл музычных інструментаў, што ляглі ў іх аснову. Калі ж прыехалі забіраць зробленае, іншага слова як “Ах!” сказаць не маглі: настолькі якасна і прыгожа атрымалася!
Між тым, выдыхаць культработнікам было рана – наперадзе чакала ўстаноўка гэтых дастаткова вялікіх металічных канструкцый (дзяўчынка з флейтай зроблена ў памер чалавека, а гітара з нотным станам мае вышыню каля 2,5 метра). Па парадзе Г.М.Карэйшы давялося і адмысловыя штыры на глыбіні 0,5 метра ўстанавіць, і ўсё надзейна зацэментаваць. Між тым, гэта ніколькі не “напужала” работнікаў цэнтра – у наступным годзе яны мяркуюць пашырыць творчую экспазіцыю новымі элементамі.
– Ва Ушачы прыязджаю дастаткова часта, таму адразу прыкмеціла і ля РДК, і ля бібліятэкі такую прыгажосць! – падзялілася з намі падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь палачанка Валянціна Міхаль. – Сёння з дзецьмі правялі тут нямала часу – і ўсім захацелася штосьці пачытаць, паспрабаваць сябе ў творчасці. Напамінам жа аб такім адпачынку для нас стануць фотаздымкі менавіта ля гэтых незвычайных аб’ектаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.