Ушаччына прыгожая ў любы сезон, ды ўсё ж разгар лета з яго сакавітай квеценню і купальскімі таямніцамі – найлепшы час для першага знаёмства з маляўнічым азёрным краем. І менавіта ў гэтыя дні ў наш раён прыбыла дэлегацыя нашых новых сяброў са Смаленшчыны. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Ушацкім раённым Саветам дэпутатаў і рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці” стала адпраўной кропкай у справе ўмацавання сяброўскіх стасункаў паміж нашымі рэгіёнамі, рэалізацыі розных сумесных праектаў і праграм.
– У складзе нашай дэлегацыі – прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, савета ветэранаў баявых дзеянняў, іншых структур, – зазначыў Сяргей Крыўко. – І многія маюць беларускія карані. Я, напрыклад, нарадзіўся і вырас у Шаркаўшчынскім раёне. У Расійскай Федэрацыі шмат зямляцкіх аб’яднанняў. Беларускія дыяспары прысутнічаюць у дзясятках рэгіёнаў нашай краіны. Нацыянальна-культурная аўтаномія, якую ўзначальваю, створана для ўмацавання сяброўскіх сувязяў з малой радзімай, захавання традыцый, звычаяў продкаў. Ганаруся тым, што ў свой час вучыўся ў беларускамоўнай школе.
Пасля афіцыйнай часткі сустрэчы дэлегацыі смалян была прапанавана экскурсія па Ушаччыне. Адпраўной кропкай у гэтым маршруце стаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс.
– Вельмі ўражаны веліччу будынка і яго магчымасцям! – зазначалі госці, якія, дарэчы, сябруюць са спортам. – На такім скаладроме, у прыватнасці, могуць праводзіцца спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню – у Беларусі, наколькі нам вядома, такіх усяго два. А які цудоўны ў вас басейн – шкада, што часу зрабіць заплыў цяпер няма. Але гэта паправіма! У хуткім часе з аўтапрабегам плануем прыехаць у ваш раён – тады абавязкова завітаем у “Юнацтва-Ушачы”! І, магчыма, у далейшым станем тут частымі гасцямі.
Шмат эмоцый выклікала ў смалян і наведванне мемарыяльнага комплексу “Прарыў”.
– У нас на Смаленшчыне ў гады Вялікай Айчыннай таксама праходзілі кровапралітныя баі, пра якія нагадваюць шматлікія помнікі і абеліскі, – зазначыў галоўны рэдактар часопіса “Смаленск” Уладзімір Коранеў. – І ўсё ж засведчваюць яны найперш гераізм савецкіх воінаў, а не партызан, як у вас. Упэўнены: пабываць на “Прарыве”, пазнаёміўшыся з іншым бокам вайны, павінен кожны!
Падчас азнаямляльнага візіту ў наш раён члены смаленскай дэлегацыі ўжо вылучылі моманты для пераймання – датычацца яны, напрыклад, патрыятычнага выхавання, арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў. Думаецца, што падчас візіту ў адказ ушачане таксама змогуць ацаніць і ўзяць на ўзбраенне пэўныя смаленскія напрацоўкі.
Такім чынам распачата годная справа, якая павінна даць імпульс добрай тэндэнцыі ўмацавання рэгіянальных сувязяў, паспрыяць яшчэ большаму згуртаванню братэрскіх народаў Беларусі і Расіі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.