Полезные знания «на всякий пожарный». Жители агрогородка Ореховно поучаствовали в обучающей квест-игре, организованной спасателями

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

А вы ведаеце, што каб сабраць ртуць, вам не абысціся без шклянкі з вадой, лейкапластыру ці скотча і раствору марганцоўкі? А тушыць прас, які загарэўся, трэба ні ў якім разе не вадой, а з дапамогай шчыльнай тканіны, пяску ці пральнага парашку? Гэтыя і многія іншыя веды па бяспецы жыццядзейнасці засвоілі ўдзельнікі квест-гульні, якая нядаўна ладзілася ў аграгарадку Арэхаўна.

Сёлета выратавальнікі ўпершыню праводзяць акцыю “З клопатам пра бяспеку малой радзімы”. Ахвярамі пажару ў многіх выпадках становяцца пажылыя людзі, таму мэта прафілактычных мерапрыемстваў у сельскіх населеных пунктах вобласці – нагадаць аб правілах бяспекі менавіта прадстаўнікам “залатога ўзросту”.

– Пераможцы атрымаюць падарункі, ёсць і суперпрыз – аўтамабіль! – “падагрэлі” інтарэс удзельнікаў квесту прадстаўнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, якія і былі арганізатарамі мерапрыемства ў Арэхаўне. Ну а змагаліся за перамогу тры каманды – “Сірэна”, “101” і “Выратавальнікі”. Ім трэба было пераадолець некалькі этапаў, якія прысвячаліся розным тэмам: ад дзеянняў у час пажару да аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым. У вас на патэльні загарэлася масла, якія з прапанаваных рэчываў вы выкарыстаеце для тушэння? Як правільна выклікаць выратавальнікаў, каб яны маглі як мага хутчэй адправіцца вам на дапамогу? Як будзеце выбірацца з задымленага памяшкання? З гэтымі і іншымі заданнямі ўдзельнікі справіліся даволі хутка і практычна без памылак.

Нямала карысных ведаў падчас гульні набылі і балельшчыкі – аднавяскоўцы і вучні Арэхаўскай школы, якім таксама было чым заняцца: прымерыць касцюм вогнетушыцеля, паглядзець выставу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ТЦСАН, азнаёміцца з магчымасцямі спецыяльнага абсталявання газавай службы. Эмацыянальнасці мерапрыемству дадавалі канцэртныя нумары, падрыхтаваныя работнікамі культуры. Чакалі ўдзельнікаў і забаўляльныя конкурсы. “Гуляць у боулінг не даводзілася, а ў пажарны – тым больш!” – казалі канкурсанты, рыхтуючыся збіваць мячом не кеглі, а вогнетушыцелі. Відовішчным аказалася і перацягванне каната, а дакладней – пажарнага рукава. “Ну дзе ж тут выйграеш, калі ў сапернікаў у камандзе такі асілак, як Віктар Міхайлавіч Шыркевіч!” – тлумачылі прайграўшыя. Але нездарма кажуць, што галоўнае не перамога, а ўдзел, а таксама атрыманыя эмоцыі. “Я ў захапленні ад гэтай цікавай, а галоўнае – карыснай гульні. Напрыклад, не ведала, як правільна сабраць ртуць, калі разбіўся тэрмометр: пры дапамозе пэндля акуратна сабраць буйныя шарыкі, а дробныя “наклеіць” на лейкапластыр ці скотч. Сабраную ртуць змясціць у банку з вадой і шчыльна закрыць яе. Ні ў якім разе не выкарыстоўваць пыласос. Правесці трэба і вільготную ўборку, выкарыстоўваючы раствор марганцоўкі ці мыльна-содавы,” – падзялілася ўражаннямі Н.А.Васілеўская.

Незалежна ад вынікаў кожная каманда атрымала салодкія падарункі – тарты, а таксама сувенірна-наглядную прадукцыю ад МНС. Ну а суперпрыз на гэты раз не знайшоў свайго ўладальніка і перайшоў у наступны тур: яго атрымае той, хто будзе ведаць на выдатна і прытрымлівацца ўсіх правіл бяспекі!

* * *

На сельскім сходзе, размова вяскоўцаў з начальнікам Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС С.М.Мялешкіным атрымалася не пратакольнай, а жыццёвай. “Згадзіцеся, што мы самі ствараем усе перадумовы для ўзнікнення пажару: зараджаем мабільныя тэлефоны ўсю ноч замест прадугледжаных максімальных дзвюх гадзін. Адкладваем на заўтра рамонт старой праводкі, а ў сетку тым часам у адзін момант уключаем па два халадзільнікі і два тэлевізары, камп’ютар і пральную машыну. Смецце каля дома абавязкова спальваем у ветранае надвор’е, а пра вогнетушыцель успамінаем толькі напярэдадні тэхагляду і то бяром яго ў сябра!” – прывёў распаўсюджаныя сітуацыі Сяргей Мікалаевіч. Ён параіў кожнаму ўстанаўліваць у домаўладаннях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі: шмат прыкладаў, калі гэты прыбор ратаваў цэлыя сем’і (ёсць такія і ў нашым раёне). Пажадана, каб ён быў у кожным жылым пакоі. Пакуль у нас устаноўка апавяшчальніка носіць рэкамендацыйны характар, а на Гомельшчыне, напрыклад, ужо прыбеглі да такой практыкі: у сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці, прыбор абавязковы. Пры гэтым Сяргей Мікалаевіч падкрэсліў, што ведамства не займаецца выпускам прыбораў, і тым больш іх рэкламай. Прапановы па іх устаноўцы накіраваны для захавання чалавечага жыцця і змяншэння колькасці пажараў.

Спыніўся начальнік упраўлення і на пытанні бяспекі дзяцей: “За свой працоўны шлях мне давялося бачыць 75 загінуўшых на пажарах дзетак… На жаль, гэта адбываецца кожны год. А малыя не шукаюць небяспеку, яны проста гуляюць і імкнуцца паўтарыць дзеянні, якія робяць тата з мамай. Калі пачынаецца пажар, дзеці часта не клічуць дарослых, а хаваюцца пад коў­дру ці ў шафу, баючыся пакарання. Сам памятаю, як аднойчы разбіўшы ў бойцы галаву, не ішоў прасіць дапамогі ў мамы, бо баяўся, што атрымаю за сапсаваную новую кашулю. Не адкладвайце простыя ўрокі бяспекі і памятайце, што да бяды ўсяго адзін крок!”

Былі абмеркаваны і іншыя пытанні, а таксама абстаноўка з пажарамі ў нашым раёне. Яна, дарэчы, не суцяшальная: сёлета на Ушаччыне адбылося ўжо 18 пажараў, што на 7 больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года, у агні абарвалася жыццё дваіх чалавек. Напрыканцы сустрэчы быў прадэманстраваны фільм “Не­дзіцячыя гульні”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *