На ежегодный турнир по дзюдо памяти С.Шедько приехало около 160 юных спортсменов из 10 городов

Cпорт

“На дзень 25 мая ніколі не планую ніякіх спраў, бо ён вылучаны для паездкі ва Ушачы, гэта святое!” – прызналася Наталля Гайковіч, ганаровая госця ХХІІІ турніру па дзюдо памяці Станіслава Анатольевіча Шэдзько. Тое ж магла б сказаць і дачка славутага трэнера Ганна, якая заўсёды прымае запрашэнне арганізатараў мемарыяла, а сёлета ў спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы”, дзе зараз праводзяцца спаборніцтвы, з яе дапамогай была аформлена выстава фотаздымкаў з сямейнага архіву. Аздобілі ўрачыстае адкрыццё турніру шчымлівыя словы верша паэтэсы Тамары Барадзёнак, сын якой таксама быў выхаванцам Станіслава Анатольевіча, і, канечне, кветкі, якія калегі і паслядоўнікі традыцыйна ўскладаюць да памятнага валуна на вуліцы, названай у гонар трэнера.

“Спаборніцтвы, прымеркаваныя да дня нараджэння С.Шэдзько, – даніна павагі чалавеку з вялікай літары, які ўкладаў душу ў кожнага свайго вучня. Дзякуючы яму сотні ўшацкіх хлопчыкаў і дзяўчынак захварэлі дзюдо”, – падкрэсліла галоўны суддзя спаборніцтваў Вера Васільеўна Кіліна, якая пад уплывам Станіслава Анатольевіча выбрала прафесію трэнера і стараецца годна працягваць яго справу.

Яркіх і бескампрамісных паядынкаў пажадаў юным дзюдаістам старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. І трэба сказаць, што хлопчыкі і дзяўчынкі выканалі наказ! На татамі было горача, маленькія барцы дэманстравалі віртуозныя прыёмы, дарослую ўпэўненасць і волю да перамогі.
А вось хваляванне прыпала на долю бацькоў і трэнераў. “Ніколі больш не паеду на спаборніцтвы! Гэта відовішча – не для маіх нерваў!” – усклікала наша госця з расійскага Себежа Роза Крылова, назіраючы за схваткамі 7-гадовага сына Ільі, для якога гэта быў першы выязны турнір. Вядома ж, казала гэта ў запале, бо ўжо праз некалькі хвілін ахвотна распавядала, што тры гады таму яны сям’ёй адпачывалі ў нашых “Лясных азёрах”, а калі даведаліся пра турнір ва Ушачах, з гатоўнасцю выправіліся ва ўжо знаёмыя мясціны, меркавала, што прыедуць сюды і на наступны год.
Дэбютнымі сталі нашы спаборніцтвы і для некалькіх выхаванцаў аршанскага трэнера Таццяны Барылавай – майстар спорту міжнароднага класа па самба і дзюдо акрамя таго, што трэніруе дзяцей, з’яўляецца таксама суддзёй міжнароднай катэгорыі. Дарэчы, у 2007 годзе ёй давялося абслугоўваць паядынкі сусветнага першынства па самба ў Чэхіі, на якім наша зямлячка Насця Ляшкова атрымала сваё першае золата. Цікава, што ў паўфінальнай схватцы тады ўзнікла спрэчная сітуацыя і судзейская брыгада вагалася, на чыю карысць аддаць перамогу. Голас Таццяны аказаўся вельмі дарэчы – Анастасія выйшла ў фінал, дзе ўпэўнена расправілася з аўтарытэтнай расійскай самбісткай. Таццяна Барылава ўвойдзе ў склад судзейскага корпуса і падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў. “Турнір самбістаў пройдзе з 21 па 23 чэрвеня ў Палацы спорту. Спадзяюся ўбачыць на трыбунах і ўшачан!” – заўважыла жанчына.
Увогуле падчас турніру давялося пагутарыць з многімі нашымі гасцямі – сёлета ва Ушачы прыехала каля 160 дзюдаістаў з 10 гарадоў, упершыню сярод удзельнікаў былі магіляўчане. Прадстаўнікі літаральна ўсіх каманд павезлі дамоў медалі, граматы і вымпелы, а пераможцы атрымалі таксама прыгожыя кубкі арыгінальнага дызайну, вырабленыя па спецыяльным заказе. Ва ўшацкай камандзе такія трафеі дасталіся Севасцьяну Аўдошку, Раману Ардынскаму і Уладзе Цюкала. У дзяўчынкі, прынамсі, на турніры была моцная група падтрымкі, у якой апроч таты з мамай прысутнічаў і самы маленькі балельшчык спаборніцтваў – гадавалы брацік Яраслаў. Зрэшты, Улада яшчэ да пачатку паядынкаў рашуча паведаміла мне, што мае намер памяняць леташняе срэбра на золата, а ўпэўненасць у сваіх сілах – палова поспеху!
На другую прыступку п’едэстала ўзняліся ў гэты дзень Ганна Галавешкіна, Карына Лецкая, Арына Маркевіч, а таксама Андрэй Сарока. Поспех хлопчыка хочацца падкрэсліць асобна, бо гэта плён мэтанакіраванасці навучэнца і яго бацькоў, якія двойчы на тыдзень прывозяць сына на трэніроўкі ва Ушачы з Глыбоцкага раёна. Бронзу ў скарбонку нашай ДЮСШ паклалі Каця Рубанік, Вераніка Сіротка, Антон Маісееў, Яўген Карэйша (відэа паядынку з яго ўдзелам можна паглядзець на YouTube-канале “Патрыёта”), а таксама Павел Шакута, які змагаўся ў самай прадстаўнічай вагавой катэгорыі 29 кг, дзе ўдзельнічала аж 22 хлопчыкі. Адзначылі ўшацкія трэнеры таксама намаганні Сяргея Жарнасека, які спаборнічаў з 18-ю канкурэнтамі ў вазе 32 кг і зусім крыху саступіў расійскаму саперніку ў паядынку за бронзу. Дастойна правяла свае схваткі Паліна Пацэвіч, якая баролася ў самай цяжкай вагавой катэгорыі.
Здаецца, зусім нядаўна ўзнімалася на п’едэстал гэтага турніру Эльвіра Падгола, зараз жа навучэнка Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву прысутнічала тут у якасці балельшчыцы. “Вучыцца ў абласным цэнтры вельмі падабаецца. Канечне, сумую па сваёй сям’і, таму пры кожнай магчымасці імкнуся прыехаць у роднае Наваселле. Выпадае такое нячаста, аднак я разумею, што вялікі спорт патрабуе сур’ёзных адносін”, – разважае дзяўчына. Дарэчы, нядаўна Эльвіра стала пераможцам прадстаўнічага турніру, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. І гэта сведчыць, што ўшацкая школа дзюдо, заснаваная С.А.Шэдзько, жыве і плённа развіваецца на карысць беларускага спорту.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *