В приоритете — забота о человеке труда. Профсоюзному движению Беларуси — 115 лет!

В общественных организациях

Менавіта на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў 1894 годзе была створана першая ў Расійскай імперыі прафсаюзная арганізацыя, але адпраўной кропкай для адліку ўзросту прафсаюзнага руху лічыцца 1904 год – з гэтага часу прафсаюзы сталі масавымі, уплывовымі і аб’яднанымі. Святкаванне ж 115-годдзя прафсаюзнага руху нашай краіны прымеркавана да Свята працы – 1 Мая. З гэтай нагоды наша сённяшняя размова са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.ШАЎЧЭНКА.

Марыя Аляксееўна, Першамай для прафсаюзаў не толькі “прафесійнае” свята, але і дзень, калі падводзяцца вынікі зробленага за працоўны год.

– Клопат пра чалавека быў і застаецца прыярытэтным для прафсаюзаў. Па-ранейшаму вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням аховы працы: за 2018-ы прафсаюзамі было выяўлена больш 64 тысяч парушэнняў заканадаўства аб ахове працы, прыпынена эксплуатацыя больш за 2,2 тысячы адзінак няспраўных механізмаў і абсталявання, якія маглі стаць прычынай траўміравання работнікаў. Пад увагай паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання (Федэрацыя ўстанавіла для членаў прафсаюза скідку 25% ад кошту пуцёўкі ў прафсаюзныя здраўніцы), а таксама правядзенне культурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў.

Увайшло ў практыку правядзенне кожны апошні чацвер месяца прававых прыёмаў. Наколькі запатрабавана такая форма работы?

– За прайшоўшы перыяд на прыёмы, якія праводзіліся ў арганізацыях раёна, звярнулася 29 чалавек, паступіла 38 зваротаў. На ўсе пытанні дадзены тлумачэнні, прыняты меры рэагавання. Такая практыка будзе прадоўжана і далей. Калі ўзнікаюць пытанні, неабавязкова чакаць прыёму. На інтэрнэт-партале Федэрацыі прафсаюзаў працуе сэрвіс, на якім указаны прафсаюзныя юрысты па ўсіх рэгіёнах і галінах. Для звароту дастаткова ўказаць свой рэгіён і сферу дзейнасці, а праграма прапануе карыстальніку прававых інспектараў, якія змогуць найбольш эфектыўна яму дапамагчы.

З 2017 года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі.

– “Народным” маніторынгам ахоплены 274 магазіны ва ўсіх рэгіёнах краіны, адсочваюцца цэны на 98 найменняў прадуктаў. Акрамя гэтага, пад кантролем спецыялістаў ФПБ кошт адзення і абутку, лекавых сродкаў. У нашым раёне для маніторынгу цэн вызначаны два магазіны – “Раніца” і “Родны кут”. За апошнія 9 месяцаў сітуацыя ў цэлым была стабільнай, цэны павышаліся адэкватна ўзроўню інфляцыі, толькі па асобных пазіцыях быў адзначаны істотны рост. Інфармацыя аналізуецца ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, вытворцамі і прадстаўнікамі гандлёвых сетак.

– Да свята звычайна называюць лепшых, работу якіх пярвічак Вы б адзначылі?

– 2019 год – адказны для прафсаюзнага руху, бо гэта справаздачна-выбарчы перыяд. У нас у раёне ўжо прайшлі такія сходы ў арганізацыях Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, ва ўсіх пярвічках Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у сямі арганізацыях АПК. Лепшымі з’яўляюцца пярвічкі райбальніцы, лясгаса, ЖКГ, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзіцячых садоў №2 і №4, ТАА “Лес”, райспажыўтаварыства.
Віншую ўшачан з Першамаем! Няхай у кожнага будзе магчымасць рэалізаваць свае здольнасці для дабрабыту і стабільнай будучыні, а вясенняе абнаўленне прыроды надасць сіл для выканання намечаных планаў. Здароўя, міру і шчасця!

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *