Дабрачынны праект пад такой назвай працягваюць рэалізоўваць на Ушаччыне раённае аб’яднанне прафсаюзаў і ТЦСАН. У перыяд святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пад асаблівую ўвагу актывістаў трапілі адзінокія жыхары раёна, якім сёлета спаўняецца 90. Усіх іх не абмінула ваеннае ліхалецце – былі ў ліку вязняў, аказвалі дапамогу партызанам.
– Мы ганарымся нашымі землякамі, дзякуючы якім бачым мірнае неба над галавой, – зазначыла старшыня прыгаданага вышэй грамадскага аб’яднання Марыя Аляксееўна Шаўчэнка. – Ну а каб і іх уласны юбілей прайшоў па-сапраўднаму цёпла і шчыра, па папярэднім узгадненні з імяніннікамі наведваемся да іх у госці з віншаваннямі і падарункамі.
Сёлета такі святочны дэсант ужо пабываў у доме Алены Ігнатаўны Карабань з вёскі Гута, Вольгі Дарафееўны Птушко са Шчарбёнак, а таксама Вольгі Кірылаўны Лісоўскай, якая праходзіць лячэнне ў Глыбачанскай бальніцы сястрынскага догляду. Не за гарамі – новыя юбілеі, а значыць і новыя кропкі ў маршруце ўдзельнікаў праекта.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.