Глазами детей войны. На долю Надежды Дук выпало немало жизненных испытаний

Ветераны с нами

Гэта сёння ўсмешка на твары Надзеі Ціханаўны Дук з Гуты сведчыць пра размеранае жыццё, а на долю гэтай простай вясковай жанчыны выпала нямала выпрабаванняў. Іншыя б даўно апусцілі рукі, а яна стараецца быць бадзёрай і радавацца дробязям. Моцны характар і працавітасць дапамаглі ёй выстаяць на жыццёвых скрыжаваннях і крочыць наперад.
Надзя была адной з дзевяцярых дзяцей у бацькоў, якія жылі на хутары непадалёк ад Гуты. З самага дзяцінства ў вялікай сям’і ведалі цану кавалка хлеба і былі прывучаны да сялянскай працы. У пачатку вайны дзяўчынцы было 8 гадоў, і што гэта такое яна зразумела, калі ворагі з’явіліся непасрэдна ў іх мясцінах. Многія ўспаміны назаўжды сцерліся з яе памяці, але моманты, калі смерць пагражала ёй і блізкім, засталіся.

– Запомніўся выпадак, як праз рэчку спалілі кладку і мост, і вёска аказалася раздзеленай на дзве часткі, – прыгадвае Надзея Ціханаўна. – А яшчэ памятаю, як немцы гналі людзей з Ільюшына і бліжэйшых вёсак ва Ушачы. У той дзень мне не пашанцавала… Сама яшчэ малая, а са мной меншы з братоў, якому было толькі тры гады. Нясу малога на плячах і плачу. Прайшоўшы так колькі кіламетраў, кінулася ў канаву – што будзе, то будзе! Так у германскі палон разам з многімі землякамі я не трапіла. Зараз як успомню, становіцца мусіць страшней, чым было тады. Прайшоў вайну мой бацька, але яго аповеды пра яе былі вельмі сціплымі, ды і не паспеў шмат расказаць – хутка памёр, мы былі яшчэ малымі. Дзяцінства і юнацтва майму пакаленню выпала халодным і галодным, ды і ўсё жыццё складвалася зусім не так, як планавалі.

Ёй давялося перажыць яшчэ нямала горкіх хвілін. Зусім маладымі памерлі ўсе шасцёра братоў. Нялёгкім было і ўласнае сямейнае жыццё: яе абраннік Фёдар моцна хварэў, а свякроў, з якой жылі маладыя, трымала нявестку ў “вожыкавых рукавіцах”.

Не было ў яе паслаблення і на працоўным фронце. “Працавала і ў паляводчай брыгадзе калгаса “Дружба”, і нават адзін час грузчыкам у гарпасёлку. Давялося ўдзельнічаць і ў будаўніцтве дарогі на Лепель, выкладваючы яе нялёгкай ношай – камянямі. Простай работы ніколі не мела, але заўсёды ўсё рабіла на сумленне”, – гаворыць Н.Ц.Дук.

Не нарадзілася ў яе дзяцей, даўно пахавала самых родных людзей. “Быццам за іх усіх доўга жыву”, – паглядаючы на фотакарткі, зазначае жанчына.

– Выпрабаванні быццам загартавалі яе, стараецца трымацца малайцом. Сур’ёзна была зламала нагу, але ўсё роўна ўлетку імкнецца папрацаваць на ўчастку каля дома, садзіць градкі і памідоры ў цяпліцы. Не можа сядзець, склаўшы рукі, – гаворыць пра аднавяскоўку Ніна Іванаўна Мікалаева, якая па-суседску часта заглядвае, каб чым-небудзь дапамагчы.

Першымі красавіцкімі днямі Надзея Ціханаўна адзначыць свой 86-ы дзень нараджэння. Ніякіх падарункаў яна не чакае, а галоўнае яе жаданне – спакойная старасць і мірнае неба над галавой.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *