Ушачане як заўсёды актыўна скарысталіся “прамой тэлефоннай лініяй”, якую праводзіла натарыус Ушацкай натарыяльнай канторы Жанна Леанідаўна КАВАЛЕНКА. Знаёмім нашых чытачоў з адказамі на іх, паколькі хоць пытанні паступаюць прыватныя, адказы на іх з’яўляюцца прававой адукацыяй, карыснай для ўсіх грамадзян.
– Набылі сыну кватэру, зараз ён збіраецца жаніцца. Калі не складзецца сямейнае жыццё, ці будзе жонка прэтэндаваць на нерухомасць?
– Асабістая маёмасць мужа або жонкі не дзеліцца, а застаецца за тым, каму і належала, нават калі яна атрымана і ў працэсе шлюбу, напрыклад, падорана бацькамі ці перайшла ў спадчыну. Жонка зможа прэтэндаваць на выплату часткі сродкаў, калі падчас сумеснага жыцця кватэра значна палепшыцца: правядуць капітальны рамонт. А вось калі нерухомасць будзе прададзена і набыта новая, гэта ўжо іх сумесная маёмасць і дзеліцца пароўну.
– Нядаўна памёр брат, які пражываў у нашым бацькоўскім доме. Раней я не прэтэндавала на спадчыну, а зараз хацела б вярнуцца ў дарагое для мяне месца. Ці маю я права на нерухомасць?
– Толькі калі ў брата няма спадчыннікаў першай чаргі і ён не пісаў завяшчання. А паколькі ёсць дачка, то яна і мае першачарговае права на дом. У такіх выпадках лепш падстрахоўвацца і пасля смерці бацькоў пакідаць за сабой долю ў доме, а зараз вы можаце толькі дамаўляцца з пляменніцай. Яна ў праве адмовіцца ад спадчыны.
– Я перадала аўтамабіль па даверанасці іншай асобе, а зараз атрымліваю “лісты шчасця”. Ці павінна я аплачваць штрафы?
– Па законе вы з’яўляецеся ўласніцай, таму і ў адказе за сваю маёмасць. Вам трэба напісаць заяву ў ДАІ, у якой паведаміць, што не вы кіравалі машынай, а таксама даныя чалавека, на якога выпісана даверанасць. Ён і павінен аплаціць штраф. Калі ж паўстануць нейкія праблемы, вам лепш ануляваць даверанасць, абавязкова паведаміўшы пра гэта таму, каму яна была дадзена.
– Памёр былы муж, які быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Ці мае наш сын права на спадчыну?
– Канечне. Не можа прэтэндаваць на догляд, а таксама на спадчыну дзяцей асоба, якая пазбаўлялася бацькоўскіх правоў.
– Муж памёр дваццаць год таму, а нядаўна – яго маці, якая мела кватэру ў Наваполацку. Ці магу я прэтэндаваць хоць на якую долю нерухомасці?
– Не, паколькі Вы нявестка, а спадчыннікамі першай чаргі з’яўляюцца дзеці, бацькі, муж або жонка. Аднак у дадзеным выпадку да іх адносяцца і вашы дзеці – унукі памерлай. Яны паміж сабой падзеляць тую частку кватэры, якая б належала вашаму мужу. Паколькі ён меў сястру, то – палову кватэры. Пры звароце ў натарыят (на працягу 6 месяцаў пасля смерці) неабходны дакументы, якія пацвярджаюць, што ваш муж з’яўляўся сынам памерлай і бацькам дзяцей: пасведчанні аб нараджэнні, смерці, шлюбе, калі мянялася прозвішча.
– Маці атрымлівае пенсію праз банк, зараз знаходзіцца на лячэнні. Ці можа галоўны ўрач установы заверыць даверасць на права яе атрымання ці абавязкова неабходна звяртацца да натарыуса?
– Можа, адзінае “але”: той, хто дае даверанасць (ваша маці) павінны быць дзеяздольным.
– Не жывём з мужам ужо шмат гадоў, ці патрэбна яго згода пры продажы дачы, якую набылі ў шлюбе?
– Абавязкова, паколькі гэта ваша агульная ўласнасць. Нават калі ў пашпарце няма адзнакі аб шлюбе і вы ўтаіце пра гэта, то падведзяце пакупнікоў. Калі муж даведаецца аб продажы, то можа лёгка абскардзіць здзелку, яна будзе прызнана несапраўднай, і правы на дачу пяройдуць да яго.
Вольга Караленка.