Наша меркаванне пра эфектыўнасць медыцынскай дапамогі складаецца з асабістых канкрэтных выпадкаў. Мы гатовы перанесці любую хваробу на нагах, каб не ісці ў бальніцу і не сядзець у чэргах да спецыялістаў. Вось і набываюць часам нашы “лёгкія недамаганні” розныя ўскладненні, хранічны характар. І ў выніку – неапраўданыя нараканні на медыцыну.
А якую ацэнку сваёй дзейнасці даюць самі медыкі? Ушацкая цэнтральная раённая бальніца на выніковым медыка-санітарным савеце падвяла своеасаблівую рысу 2018 года, акрэсліла планы на перспектыву.
Даступна і якасна
Галоўныя задачы калектыву ЦРБ – захаванне і ўмацаванне здароўя жыхароў Ушаччыны, забеспячэнне іх даступнай кваліфікаванай медыцынскай дапамогай. Яна аказваецца мнагапрофільным стацыянарам на 116 ложкаў, паліклінікай на 300 наведванняў у змену, аддзяленнем хуткай медыцынскай дапамогі, трыма бальніцамі сястрынскага догляду (у Глыбачцы, Вялікіх Дольцах, Дубраўцы) і 18 фельчарска-акушэрскімі пунктамі.
Аб’ём выдаткаў на амбулаторна-паліклінічную дапамогу паступова павялічваецца. Колькасць наведванняў на аднаго жыхара склала летась 12. Насельніцтва агледжана на 98,8 працэнта, усе ўдзельнікі, інваліды Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваныя да іх асобы – на 100.
Вядзецца актыўная работа па раннім выяўленні сухотаў (туберкулёзу). У 2018-м рэнтгенафлюараграфічна абследавана 97,1 працэнта грамадзян, у трох выпадках наяўнасць хваробы пацвердзілася. На ўчастках састаўлены спісы людзей, якія не праходзілі “рэнтген” на працягу двух і больш гадоў (такіх аказалася 245).
Усе цяжкія хворыя агледжаны кансіліумам урачоў. Да 68 пацыентаў летась выклікаліся спецыялісты санітарнай авіяцыі. 16 чалавек пасля аказання экстраннай дапамогі ва ўмовах аддзялення рэанімацыі Ушацкай ЦРБ былі пераведзены ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу для вырашэння пытання аб каранаграфіі і стэнціраванні каранарных артэрый.
“Твар” паліклінікі
Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і аб рабоце паліклінікі часта мяркуюць па тым, як хутка і якасна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі медыкі пярвічнага звяна. Дзейнасць рэгістратуры пабудавана па прынцыпе “Адно акно” з выкарыстаннем камп’ютарнай праграмы “Электронны дыспетчар”. Зараз без праблем можна атрымаць электронны рэцэпт ці дыстанцыйнае кансультаванне спецыялістамі паліклінікі праз скайп.
Сэрца, пухліны і знешнія прычыны
На першым месцы сярод прычын смяротнасці ў раёне, як і па краіне, па-ранейшаму застаюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні – за мінулы год з-за іх пайшлі з жыцця 173 жыхары Ушаччыны (55,1 працэнта ад усіх памерлых). На другім месцы – старасць (44 чалавекі), на трэцім – новаўтварэнні (29). Некалькі слоў пра апошнія. Усяго ў раёне летась яны выяўлены ў 82 чалавек, прычым, у 12 выпадках фіксавалася ўжо трэцяя або чацвёртая стадыі захворвання. З пяці запушчаных форм у двух выпадках пацярпела шыйка маткі і па адным – прамая кішка, малочная і шчытападобная залозы. Часцей сталі фіксавацца выпадкі раку глоткі і поласці роту.
Хвалюючай тэндэнцыяй апошняга часу становіцца павелічэнне колькасці памерлых ад знешніх прычын – летась на Ушаччыне зарэгістравана ажно 20 такіх фактаў. Так, ад атручвання алкаголем не стала пяці чалавек, столькі ж – ад павешання, былі таксама факты патаплення, атрымання камбінаваных траўм, траплення ў ДТЗ. Большасць з пацярпелых – людзі працаздольнага ўзросту.
Чым хварэем
У 2018 годзе на Ушаччыне адзначаўся рост захваральнасці з часовай непрацаздольнасцю – і ў выпадках, і ў днях. Найбольш часта рэгістраваліся ў нас хваробы органаў дыхання (30,9 працэнта), у тым ліку вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып. На другім па распаўсюджанасці месцы аказаўся траўматызм (18,9), на трэцім – захворванні косна-мышачнай сістэмы (10,2). Часцей звярталіся пацыенты за медыцынскай дапамогай і з нагоды праблем са страваваннем.
У той жа час, што не можа не радаваць, значна знізіўся паказчык пярвічнага выхаду ўшачан працаздольнага ўзросту на інваліднасць. У 2018-м групу атрымалі 37 чалавек (у 2017-м было 49). Самымі распаўсюджанымі прычынамі інваліднасці сталі хваробы сістэмы кровазвароту (у 15 выпадках), анкапаталогія (7), траўмы (4). Ёсць сярод гэтых пацыентаў і адно дзіця.
Дэмаграфія
На пачатак 2018 года ў нашым раёне пражывала 13236 чалавек, з іх 5974 – у гарпасёлку, 7262 – у аграгарадках і вёсках. На жаль, летась назіраўся рост агульнай смяротнасці (пайшлі з жыцця 314 чалавек супраць 295 у 2017-м) і зніжэнне нараджальнасці.
Высокая смяротнасць – працэс для Ушаччыны натуральны, паколькі 35,1 працэнта насельніцтва, ці 4652 чалавекі – пенсіянеры. Зрэшты, 1000 з іх (ці 9 працэнтаў ад дарослага насельніцтва) – старэйшыя за 80 гадоў, 1032 чалавекі маюць узрост ад 70 да 79, 2041 – ад 60 да 69.
Ахова мацярынства і дзяцінства
з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў. На працягу апошніх гадоў у раёне назіраецца нізкі працэнт заўчасных родаў. Выпадкаў перынатальнай смяротнасці і мёртванараджэння летась у нас, на шчасце, не было.
Усё дзеці агледжаны на 100 працэнтаў. Поўнасцю здаровымі (першая група здароўя) аказаліся 29,9 працэнта юных ушачан. Мелі фактар рызыкі (другая група) 52,5 працэнта. Трэцяя група здароўя – у 15,5 працэнта хлопчыкаў і дзяўчынак, чацвёртая – у 2,1.
На шляху мадэрнізацыі
У 2018 годзе за сродкі раённага бюджэту заменены аконныя блокі ў паліклініцы, закуплена агароджа для тэрыторыі ЦРБ і ацяпляльны кацёл у Дубраўскую БСД, праведзены бягучы рамонт харчаблока і цэнтралізаванага стэрылізацыйнага аддзялення, дзе з’явіліся новая мэбля, посуд, халадзільнае абсталяванне. Набыты аналізатар гемастазу ў лабараторыю ЦРБ, адсмоктвальнік медыцынскі – у аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі, а таксама два электракардыёграфы і шпрыцавыя помпы.
Штогод медустанова атрымлівае фінансавую дапамогу ад грамадскага аб’яднання “Водгук”. У 2018 годзе ад яго паступіла 6932 рублі. Частка гэтых сродкаў накіравана на бягучы рамонт дзіцячага аддзялення (афарбоўку сцен, замену пакрыцця на падлозе), астатняе ж будзе затрачана на набыццё сучаснай стаматалагічнай устаноўкі. Ад “Водгука” летась атрыманы таксама бранхаскоп, медыцынскія механічныя ложкі, іншыя матэрыялы.
Кадры вырашаюць усё
Сёння аб здароўі жыхароў Ушаччыны клапоцяцца 39 урачоў (адзін мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 9 – першую, 17 – другую), 2 правізары і 145 медыцынскіх работнікаў сярэдняга звяна. Праблема забяспечанасці кадрамі застаецца актуальнай: зараз ЦРБ неабходны стаматолаг, педыятр, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце, фельчары і медыцынскія сёстры. Радуе тое, што ўжо сёлета ў наш раён прыедзе шэраг маладых спецыялістаў з медыцынскай адукацыяй.
З напрацоўкамі – у год наступны
У ліку асноўных задач Ушацкай ЦРБ – паляпшэнне якасці прафілактычных аглядаў, дыспансерызацыя працаздольнага насельніцтва, фарміраванне здаровага ладу жыцця.
На медыка-санітарным савеце па выніках работы за 2018 год за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Наталія Васільеўна Дрозд, урач-інфекцыяніст Вольга Пятроўна Ярмош і вадзіцель хуткай медыцынскай дапамогі Ягор Віктаравіч Азевіч; Ганаровымі граматамі Ушацкай ЦРБ – урач-тэрапеўт Валянціна Мікалаеўна Нарывончык, фельчар-лабарант Марына Сяргееўна Анташук, медыцынская сястра Марыя Леанідаўна Аўласенка, рэнтгеналабарант Тамара Пятроўна Шахноўская; Падзяка галоўнага ўрача ЦРБ аб’яўлена медыцынскай сястры Вользе Уладзіміраўне Шнітко, загадчыцам Жарскага і Касарскога ФАПаў Ларысе Паўлаўне Маісеевай і Наталлі Васільеўне Лапіцкай.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.