2018 год, аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы, на Ушаччыне быў напоўнены канкрэтнымі справамі. Не толькі наш гарпасёлак, а і іншыя населеныя пункты раёна сталі больш чыстымі і прыгожымі, прыраслі новымі элементамі добраўпарадкавання. Гэта стала плёнам рэалізацыі міні-праекта “Маё сяло – мой клопат” маштабнага раённага праекта “Мая радзіма – Ушаччына”. Вынікі праведзенай летась работы па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў былі падведзены на апошнім прэзідыуме райсавета.
“Адразу хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто на працягу мінулага года прыкладаў свае намаганні, каб зрабіць нашу зямлю яшчэ больш утульнай і прывабнай, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, якая курыруе міні-праект. – Гэта жыхары вёсак і аграгарадкоў, дачнікі, шэфы з прадпрыемстваў і арганізацый, старэйшыны населеных пунктаў і, канечне, дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, якія арганізоўвалі і каардынавалі работу”.
У яе выніку на тэрыторыі кожнага сельсавета з’явіліся новыя кветнікі і насаджэнні, альтанкі і дэкаратыўныя агароджы, больш культурнымі сталі месцы масавага адпачынку, воінскія і грамадзянскія пахаванні, а на тэрыторыі асобных сельскіх Саветаў узніклі ці былі адноўлены аб’екты, якія можна далучыць да адметнасцяў нашага раёна.
Так, напрыклад, прыцягвае погляд усіх, хто праязджае па трасе ля Селішча, устаноўлены летась інфармацыйны банер са звесткамі пра нашага славутага земляка Васіля Быкава і яго радзіму – вёску Бычкі. Увогуле на тэрыторыі Кубліцкага сельсавета зроблена нямала. Значная работа праведзена па добраўпарадкаванні берага возера Вялікае Уклейна: рабочыя Кубліцкага лясніцтва, а таксама жыхары і школьнікі аграгарадка падчас суботніка ліквідавалі кустоўе і пустазелле, акультураны пляж упрыгожылі лежакі, вырабленыя шэфамі з Ушацкага лясгаса. Вясной мінулага года ў дэндрапарку аграгарадка былі высаджаны маладыя хвойнікі. А пра адрэстаўраваны грамадскі калодзеж у Судзілавічах, новыя паштовыя скрыні, якія з’явіліся ў Рыбаках, раённая газета ўжо расказвала – хочацца толькі яшчэ раз прыгадаць, што руку да гэтых аб’ектаў прыклалі мясцовыя жыхары.
Адметнымі справамі адзначылі Год малой Радзімы ў Глыбачанскім сельсавеце, і, бадай, адна з галоўных – рэстаўрацыя на могілках ля аграгарадка абеліска яшчэ аднаго нашага знакамітага літаратара – Фелікса Тапчэўскага. Новае аблічча атрымалі таксама воінскія пахаванні ў Глыбачцы і Капусціне, адрамантавана агароджа вакол будынка сельскага Дома культуры, выдалены аварыйныя дрэвы на ўездзе ў аграгарадок, які, хочацца спадзявацца, паступова верне былую прывабнасць.
Як заўсёды правафланговым у справе добраўпарадкавання з’яўляецца Вялікадолецкі сельсавет. З году ў год прыгажэе аграгарадок, вось і летась тут з’явіліся новыя кветнікі і архітэктурныя формы, добраўпарадкаваны грамадскі парк, тэрыторыя ля вадаёма і крынічкі. Праведзены рамонт дарог у Жаўніне, Заляддзі, Глінішчы, Храмёнках. Яркай падзеяй Года малой радзімы стаў адмысловы канцэрт, які даў для землякоў экс-саліст “Песняроў” Валерый Скаражонак, а жыхарам і гасцям Мірнага і Царкавішча запомняцца святочныя мерапрыемствы ў гонар іх населеных пунктаў.
Вяркудскі сельсавет адметны сваімі краявідамі, якія дапаўняе і рукатворная прыгажосць. У мінулым годзе добраўпарадкаваны парк у Дубраўцы, адрамантавана агароджа, альтанка і знак на ўездзе ў Вяркуды, крыжы ў Двор Павуллі і аграгарадку.
Нямала было зроблена ва Ушацкім сельсавеце. Так, напрыклад, на возеры ля Строктаў сіламі вяскоўцаў абсталяваны пляж. Жыхары Матырына разам з шэфамі пафарбавалі агароджу на мясцовых могілках, ля трох месцаў пахавання ўладкаваны пляцоўкі для смецця. У Двор Пліне, Бярозках, Ліпаўцы, Папоўцы выдалена 9 аварыйных дрэў.
А вось у аграгарадку Арэхаўна Сарочынскага сельсавета дзякуючы міні-праекту “Маё сяло – мой клопат” на дзіцячай гульнявой пляцоўцы з’явіліся новыя арэлі і карусель. Атракцыёны набыты за сродкі самаабкладання, а работы па іх устаноўцы і афарбоўцы правялі камунгасаўцы мясцовага ўчастка і жыхары аграгарадка. Індывідуальны прадпрымальнік С.Мільчанін вырабіў бетонную агароджу, якая аддзеліць гульнявую зону ад дарогі. Арэхаўцы таксама прывялі ў належны стан пляж на беразе мясцовага возера. Вядзецца добраўпарадкаванне могілак у Лутаве і Бутаве.
Плённым аказаўся год у населеных пунктах Жарскага сельсавета. Традыцыйна тон у справе навядзення прыгажосці задае дружная вёска Гарадзец. Усімі пляжнымі “выгодамі” абсталяваны бераг мясцовага возера, сабраны сродкі самаабкладання на замену мастка праз раку Ушачу. Устаноўлены агароджы на могілках у Старым Сяле і Броўчыне, вясной іх плануюць пафарбаваць – сродкі на гэта вылучыла дачніца Л.Казавая. Нямала зроблена ў вёсцы Жары: на пляцоўцы, дзе абсталяваны аўтобусны прыпынак, выдалены 3 дрэвы, яшчэ 14 ссечаны ля воінскага пахавання, пасля чаго праведзены суботнік па ўборцы тэрыторыі, у мясцовым парку ўстаноўлена лавачка. Такія ж элементы добраўпарадкавання з’явіліся таксама на беразе возера Звонь і ля крам аграгарадка Ільюшына.
Як бачна, кожнаму сельсавету ёсць чым пахваліцца па выніках леташняй работы. Ну а паколькі, як вядома, прынята рашэнне, што пад знакам “Года малой радзімы” ў Беларусі пройдуць і наступныя два гады, адпаведна працягнецца і рэалізацыя міні-праекта “Маё сяло – мой клопат”. Натуральна, што падводзіць яго вынікі і вызначаць пераможцаў пакуль рана, аднак раённы Савет дэпутатаў палічыў мэтазгодным вылучыць прамежкавых лідараў у гэтай рабоце. Імі прызнаны тры сельсаветы: Жарскі (старшыня сельвыканкама – Святлана Цімафееўна Міхейка), Кубліцкі (Марыя Васільеўна Ярмош) і Вялікадолецкі (Алег Леанідавіч Сыс).
Хутка вясна, а значыць, спраў хопіць усім. Чысціня і прыгажосць нашых мясцін – своеасаблівы брэнд Ушаччыны, які неабходна няспынна пацвярджаць і прымнажаць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.