Красный цвет чёрных воспоминаний Михаила Никифоровича Счасного

Ветераны с нами

Калі наваколле ў вачах пачынае афарбоўвацца ў чырвоны колер – то праз імгненне ты страціш прытомнасць… Гэтую прыкмету Міхаіл Нікіфаравіч Счасны запомніў з перасылачнага лагера ў Параф’янаве, дзе ў маі 1944-га, галодны і знясілены, чакаў адпраўкі ў Германію. Шмат было падзей і ўражанняў у яго доўгім жыцці, але не зацямнілі яны тых юнацкіх адчуванняў. І літаральна кожны эпізод 75-гадовай даўніны памяць захавала да драбніц.

Дзяцінства для хлопчыка з Адворыцы скончылася ў 37-м, калі па даносе забралі бацьку, а на маленькага Мішу і яго старэйшага брата Валодзю ляглі ўсе мужчынскія гаспадарчыя справы. Канчаткова ж пасталець прымусіла вайна. Ужо праз лічаныя дні пасля яе пачатку ад скінутых на Адворыцу бомб згарэла шэсць хат, загінула некалькі вяскоўцаў, у тым ліку суседская дзяўчына, што гатавала ў печы ежу.

Добра памятае ваенныя падзеі на Ушаччыне і жонка Міхаіла Нікіфаравіча Мая Вячаславаўна. У той год дзяўчынка скончыла першы клас і 20 чэрвеня разам з мамай прыехала з Ленінграда ў Стараселле на канікулы да бабулі. Вось як яна апісвае сваю першую сустрэчу з фашыстамі: “Мы з сяброўкамі Томай і Марусяй грабілі ля вёскі сена, як раптам на дарозе ўбачылі некалькіх нямецкіх салдат. Ніякага ўкрыцця акрамя маленькай сабачай будкі паблізу не было: мы ўціснуліся туды ўтрох і сядзелі, стараючыся не дыхаць…” У вайну ў іх хаце спынялася шмат людзей – бежанцы з бярэзінскага боку, партызаны – кароткінцы і радзівонаўцы, кватаравала і настаўніца нямецкай мовы, якой жыхары Стараселля былі ў многім абавязаны тым, што іх вёска не паўтарыла трагічны лёс суседніх Глінішча і Бабовішча. Карнікі ў вольны час любілі пагаварыць з жанчынай на сваёй мове – магчыма, гэта нагадвала ім далёкую радзіму і яны ставіліся да ўсёй вёскі крыху больш паблажліва. Што, аднак, не перашкаджала знішчаць мірных жыхароў. “Неяк раз нашы суседзі Платон, Аўдакім і Праскоўя, а яшчэ Мікола Зелянік сядзелі пад хатай і гутарылі, як раптам фашысты, што ішлі міма, без усялякай прычыны прашылі іх аўтаматнай чаргой. Закапалі іх целы аднавяскоўцы тут жа, на агародзе, а пасля вайны перапахавалі на могілках…” – распавядае Мая Вячаславаўна.

Ушаччына, як вядома, стала цэнтрам партызанскага руху. Да адной з брыгад далучыўся Уладзімір Счасны, актыўна дапамагаў змагарам і 14-гадовы Міша. У іх гаспадарцы быў конь, і народныя мсціўцы часта давалі хлопцу “транспартныя” даручэнні. “Перыядычна вазіў боепрыпасы і прадукты, а аднойчы быў у мяне і “зваротны груз”: папрасілі даставіць у Адворыцу цела загінуўшага мясцовага байца”, – расказвае Міхаіл Нікіфаравіч.

Цяжкім выпрабаваннем для ўсіх стала блакада і легендарны прарыў варожага кола. Разам з партызанамі і бежанцамі Міша трапіў у самы эпіцэнтр падзей. Нават праз столькі год прыгадваць гэты жах без хвалявання ён не можа, бо на свае вочы бачыў тыя самыя чырвоныя ад крыві воды рэчкі ля Забораўна, разам з іншымі стрымгалоў бег пад кулямі, наступаючы на целы забітых…

Хлопцу пашчасціла жывым дабрацца да лесу, але там людзей чакалі карнікі…

Мішу і яшчэ трох палонных пагналі ў бок Селішча і Кубліч. Калі ж нарэшце зрабілі прыпынак і штурхнулі іх тварамі ў лужыну, хлопец быў такі знясілены, што адразу заснуў. Прачнуўся ж ад моцнага ўдару ботам у бок, ад якога зламаліся рэбры: немца абурыла, што ён не пачуў загад уставаць. Палонных прыгналі ў Касары, дзе запоўнілі імі 15 машын. У прыгаданым вышэй параф’янаўскім лагеры ён правёў месяц, пасля чаго трапіў у Германію. На яго шляху блукання па пакутах было тры канцлагеры, апошні з якіх знаходзіўся пад Мюнхенам.

“Жылі мы ў вялікіх бараках даўжынёй 50 метраў, спалі на трохпавярховых нарах. Трэці ярус лічыўся самым прывілейным, бо там было цяплей, мне ж не пашанцавала: дастаўся ніжні, – Міхаіл Нікіфаравіч распавядае пра лагернае жыццё так яскрава, быццам гэта было ўчора. – Праца была нескладаная: мы сартавалі на складзе адзенне забітых і параненых, якое прывозілі з фронту. Аднак усё роўна моцна стамляліся, бо былі слабыя ад голаду. І зараз памятаю наша “меню”, якое складалася са смуроднай баланды і бручкі, у якой кішэлі чарвякі, на што, прынамсі, ніхто не звяртаў увагі… Прывыклі мы і да больш страшнага відовішча. Штодня да барака, які стаяў асобна, немцы падганялі фургон і загружалі яго мёртвымі целамі – вязні ў лагеры мерлі вельмі хутка…”

Вызвалілі іх амерыканцы. Потым прыехаў рускі маёр, перапісаў прозвішчы. Мішу разам з іншымі пасадзілі ў вагон поезда, які ішоў на Брэст.

Калі хлопец дабраўся да роднай Адворыцы, яго маці была вельмі шчаслівая: яна думала, што страціла абодвух сыноў – раней прыйшла пахавальная папера на Валодзю, які пасля вызвалення Беларусі трапіў у войска і загінуў у адным з баёў у Літве.

У адноўленым калгасе, які ў пасляваенны час меў назву “Чапаеў”, за Міхаілам замацавалі каня, і хлопец узяўся за звыклую сялянскую справу. Адслужыўшы 4 з паловай гады ў арміі, вярнуўся на малую радзіму і на танцах у Рагозіне прыгледзеў сваю будучую жонку Маю. Пабудавалі хату ў Стараселлі, працавалі разам у жывёлагадоўлі, выхавалі чацвярых дзяцей, якія падарылі ім 9 унукаў і столькі ж праўнукаў.

На зіму пажылая пара пераязджае да дачкі Тамары ва ўшацкую кватэру, летам жа імкнуцца на сваю сядзібу, хоць, канечне, сіл ужо зусім мала. Аднак, убачыўшы Міхаіла Нікіфаравіча і пачуўшы ад яго жонкі расказ пра тое, што мінулым летам ён сам рэгулярна абкошваў бензакасой свой вясковы ўчастак, не магла паверыць, што 2 студзеня гэты мужчына адзначыў 91 дзень нараджэння! Як лічыць сам Міхаіл Нікіфаравіч, не паддавацца гадам і хваробам яму дапамагае фізічная праца і тое, што ніколі ў жыцці не курыў, не заглядваў у чарку. А яшчэ клопат і любоў родных людзей. І, канечне, моц характару, які загартавалі цяжкія выпрабаванні апаленага вайной юнацтва.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *