Аб чым шкадуеш, пакідаючы “Рыбакову хату” зімой? Аб тым, што не хапае часу, каб прайсціся на лыжах па пракладзенай гаспадыняй трасе. Каб надыхацца спакоем, адчуць сябе ў пазамінулым стагоддзі, зазірнуўшы ў склеп пана Забэлы. Каб спакойна пагутарыць за медавухай і скваркай, пачуць ад Ірыны Фёдараўны Навагродскай паданні пра Белуна, вясковых майстрых, мову вышыванак… І канечне, вершы: глыбокія, адшліфаваныя, пранікнёныя настолькі, што наварочваюцца слёзы.
“Не магу без Ушаччыны. Вось гэты дом-музей я прысвячаю сваёй маці. Так і назвала “Матуліны рукі”, – гаворыць Ірына, паказваючы вонкавую сцяну хаціны. На ёй развешаны часткі кроснаў, воўначасалка… Адчыняе блізкую адрыну: там сярод рознага скарбу – скрыня, якая замяняла шафу, ложак і асабліва цанілася на вёсцы. А ў ёй кошыкі, іншыя пляцёнкі.
“А вось гэтым водаправодам і зараз карыстаюся, – смяецца, здымаючы з цвіка каромысла. – У недалёкай Старынцэ, дзе не засталося ніводнага жыхара, адшукала калаўрот. Ніхто не жыве і ў Вялічкаўцах, і Зачысці… А мне хочацца, каб памяць пра землякоў захавалася, а іх рэчы расказвалі пра побыт нашых продкаў, таму мая сядзіба-музей адназначна этнаграфічная. І хоць зарэгістравана як “Рыбакова хата”, калі быў толькі адзін домік, то з усімі надворнымі прыбудовамі, альтанкамі ператвараецца ў “Маю малую радзіму”.
Заходзім у невялікую хаціну з круглым сталом, двума ложкамі і канапай. На сценах “плюшанкі” і дыванкі, іконы ў ручніку-набожніку, побач класічны вясельны. У Ірыны хоць і музей, але і сядзіба, якая эксплуатуецца, таму практычна ўсе экспанаты яшчэ і служаць: налічнікі, накідкі, фіранкі… Усё, як было ў нашых бацькоў ці дзядоў. Людзі ведаюць яе захапленне і дораць старадаўнія рэчы. І экспазіцыя вышыванак атрымалася інтэрнацыянальнай. “Вось “дарожка” былой жыхаркі Белага чачэнкі Асаны Айкаўны Мельнікавай, налічнік маёй матулі, яго можна лічыць класічным, бо тут жаночы сімвал – ружы, маленькія кветачкі як працяг роду. А гэту вышыванку прывезла з Магілёўшчыны. Адтуль і яшчэ адзін падарунак ад сябра-краязнаўцы – саматканы зялёна-сіне-жоўты паясок – каляровая гама Віцебшчыны.
Што б ні паказвала Ірына Фёдараўна, абавязкова прыгадае прымаўку, раскажа свой трапны верш ці гісторыю. У яе ўжо гатовая праграма пад любую катэгорыю наведвальнікаў: для дзяцей – квэсты-заданні, выставы цацак… Для дарослых – на вачах сатканы пояс-абярэг. І літаральна для ўсіх: пракладзеныя сцяжыны па маляўнічым перашыйку паміж азёрамі Бельскае і Трошча, каб пабыць у адзінстве з прыродай. А паколькі ўжо назапашана зашмат экспанатаў, то экспазіцыі будуць зменнымі. Ну куды расставіць два мяхі “савецкіх” цацак. А зараз, на Калядкі, яны арганічна размясціліся на вокнах: з інсталяцыяй нараджэння Хрыста, побач з ёлкай, проста на канапе. Пластыкавы Дзед Мароз і плюшавы мішка. Усё гэта ацаніла дзятва яе знаёмых, што гасцілі ў вёсцы і завіталі “на агеньчык”. У двары будзе выстава “Экспрэс у СССР”.
Ну а ўжо зараз сустракае знаёмых у нацыянальным касцюме. “Кожнае наведванне да мяне абавязкова з праграмай пад канкрэтную публіку, падборам нацыянальных страў. Я гатую ўсе віды наліснікаў, аладак, клёцак, ведаю рэцэпты лекавай гарбаты, морсаў ды кісялёў. Разлічваю на супрацоўніцтва з культработнікамі і настаўнікамі ў рамках шостага дня: для знаёмства з побытам продкаў, той жа печчу з частаваннем блінамі. Працягваю пісаць паданні пра Белае і навакольныя вёскі. А таксама хачу сабраць і “Бессмяротны полк Бельскай воласці”. На жаль, пакуль курсірую паміж Клімавічамі і Ушачамі, адпачываючых няшмат. Аднак усё, што раблю па захаванні спадчыны малой радзімы – не толькі для турыстаў, напэўна, больш для нас, для мяне асабіста. Маю ў гэтым патрэбу. Тут зарыта мая пупавіна”.
Ляжаў вялікі снег, і на гэты раз я не дайшла да возера (дарэчы, у Ірыны з’явілася ўжо і ўласная лодка). А вось алеі жаданняў не прамінула – павязала стужачку, адшукаўшы незанятую ліпіну, хоць такіх там зусім нямнога.
Вольга Караленка.
Маёй Ушаччыне…
Намі шмат чаго парастрачана
У жыцця суматосе пустой.
Аблачынка, плыві на Ушаччыну
І мяне пазаві за сабой.
Раскажы, што мне добра жывецца,
Што павагі хапае людской.
Толькі сэрца чамусьці імкнецца
Да зямліцы, ад веку святой,
Што малою радзімай завецца.
Там дзяцінства смяецца ў твар,
Там так лёгка і светла на сэрцы,
Бесклапотных там тысячы мар.
Я не супраць гаёў клімавіцкіх,
Што купаюцца ў харастве,
Толькі сэрцу чамусьці больш блізкі
Той куток, дзе матуля жыве,
Дзе пануюць лугі і тоні,
Дзе мясцінак шмат дарагіх…
Назвы Белае і Кугоні
Так пяшчотна наш лашчаць слых…
Маеш што – беражы, не растрачвай,
Каб пасля не прыйшлося прасіць…
Аблачынка, плыві на Ушаччыну,
Ад мяне паклон занясі.
Нашы ўчынкі ўсе Богам пазначаны.
І за кожны нам трэба плаціць.
Аблачынка, плыві на Ушаччыну
І падзяку маю занясі
Да азёр, што бруяцца крыніцамі,
Што нас пояць жывою вадой,
Да бароў, што частуюць суніцамі,
Да ракіт над Ушачкай-ракой.
Усё наперад у жыцці не прадбачана.
І не трэба. Цікавей так жыць.
Аблачынка, плыві на Ушаччыну,
Аб любові маёй раскажы!
Прыемна назiраць такое станоучае ставення да спадчыны, да свайго роднага бацькоускага кута, упрыгожвая яго сваiм мастэрствам i хараством.