Единый день информирования, который прошёл на предприятиях Ушаччины, посвящался Году малой родины

Год малой родины

Адзіны Дзень інфармавання, які прайшоў на мінулым тыдні на прадпрыемствах раёна, прысвячаўся Году малой радзімы. На комплексе па вырошчванні буйной рагатай жывёлы “Маяка-Ушацкага” яго правялі старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.П.Котаў і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі імя Е.Лось Г.М.Кашненка.
Галіна Мікалаеўна расказала, што ў раёне зроблена па ажыццяўленні мерапрыемстваў, прымеркаваных да Году малой радзімы (пра гэта мы падрабязна паведамлялі на старонках газеты), які, дарэчы, не закончыўся з зыходам 2018-га, а працягнецца яшчэ два гады. Аднак, як зазначыў В.П.Котаў – усё тое, што зроблена кожным калектывам, і не толькі летась, – таксама прысвячаецца малой радзіме, яе развіццю і росквіту. Ён акцэнтаваў увагу на асаблівасцях сёлетняга года, у якім мы будзем святкаваць 75-годдзе прарыву блакады, вызваленне Ушаччыны і Беларусі, 95-годдзе ўтварэння раёна. Таму асаблівая ўвага будзе надавацца падтрыманню помнікаў воінам, партызанам і мірным жыхарам, брацкіх пахаванняў, наогул парадку на тэрыторыі нашага краю.

Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка расказаў пра нашы блізкія перспектывы: сёлета, а таксама ў наступным годзе ў гарпасёлку будуць пабудаваны яшчэ два 40-кватэрныя дамы, некалькі буйных гандлёвых цэнтраў… Але асабліва блізка жывёлаводам аграрная тэма. Работнікі комплексу “Маяк” першыя ў раёне адчулі перавагі ўваходу ў інтэграцыйную структуру. Яны не чакаюць выплаты зарплаты, не скардзяцца на яе памер. На гэтым кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу, падкрэсліў, што трэба цаніць тое, што маем. Ён прывёў прыклад: да яго звярталіся патэнцыйныя замежныя інвестары, якія гатовы былі ўзяць у арэнду зямлю, а работнікаў прывезці сваіх. Нам жа трэба ствараць прадпрыемствы, каб былі заняты мясцовыя людзі, але і ім таксама варта мяняць падыходы. Як зазначыў дырэктар “Маяка- Ушацкага” Аляксандр Яўгенавіч Шкодзін, калектыў значна памаладзеў і абнавіўся, паколькі ніхто не трымае парушальнікаў дысцыпліны. Жадаючых уладкавацца на аб’ект шмат, сёння тут працуюць жыхары не толькі Двор Пліна, але і Селішча, Матырына, Ушач. Арганізаваны падвоз, узраслі расцэнкі, на комплексе завяршаецца рамонт памяшканняў. На сённяшні дзень, пасля здачы вялікай партыі жывёлы, тут утрымліваецца 2097 галоў (не толькі быкі, але і цялушкі), сярэднясутачныя прывагі склалі 612 грамаў, у тым ліку на адкорме – 583 і на дарошчванні 652. І паколькі многія памятаюць, што было на комплексе некалькі год таму, заклікаў работнікаў да беражлівых адносін да кармоў і тэхнікі.

У.Г.Аўдошка таксама адказаў на пытанні прысутных. Так, Л.М.Глінская з Селішча скардзілася на паштовае абслугоўванне. Аддзяленне ў вёсцы зачынілі, зараз на гадзіну заязджае паштовая машына, якая, бывае, спазняецца, а таксама часта з-за тэхнічных збояў няма магчымасці аплаціць паслугі. Уладзімір Генадзьевіч зазначыў, што падобныя скаргі чуе не ўпершыню, таму будуць высвятляць сітуацыю. Некалькі пытанняў датычылася расчысткі дарог, у прыватнасці, вуліцы Садовай у Матырыне, а таксама Паркавай у Двор Пліне, яны ўзяты на кантроль. Увогуле ж, наколькі прывабнай будзе наша малая радзіма – залежыць выключна ад нас.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *