Ушачанка Татьяна Стельмах принимала участие в Чемпионате мира по футболу-2018!

Наши земляки

Адной з самых яркіх падзей адыходзячага года стаў Чэмпіянат свету па футболе. Ніколі яшчэ мундыяль не праводзіўся так блізка ад Беларусі, і гэтым летам мы маглі адчуць сваё дачыненне да найбуйнейшага спартыўнага дзейства. На жаль, пакуль не ў рангу галоўных персанажаў – удзел нашай зборнай у турніры лепшых каманд застаецца толькі марай. Але ж на 12 футбольных стадыёнах Расіі пабывала нямала беларускіх балельшчыкаў, шмат нашых суайчыннікаў прыклалі руку і да іх узвядзення, а прадукты з сінявокай выкарыстоўвалі ў харчаванні многія зборныя – напрыклад, бразільцы і палякі ўмацоўвалі сілы беларускім кісламалочным напоем і сырам “Пармезан”.

Прысутнічалі на Чэмпіянаце свету і ўшачане. Так, напрыклад, самых яркіх футбольных зорак давялося пабачыць на свае вочы нашай зямлячцы Таццяне Стэльмах. Пачнём з таго, што ўраджэнка Ушач, якая зараз жыве ў Санкт-Пецярбургу, мае экзатычную для жанчыны прафесію – працуе ў ахоўнай арганізацыі. Разам з калегамі яна кантралюе тэрыторыю з офісамі, гандлёвымі аб’ектамі, складамі. І хоць у гэтай справе не так даўно, ужо паспела атрымаць падзяку і прэмію за тое, што папярэдзіла факт выкрадання: заўважыўшы праз камеру, што адзін з вадзіцеляў цішком загружае ў кузаў шыны, заблакіравала выезд і спыніла зламысніка.

Даведаўшыся, што ідзе набор спецыялістаў для абслугоўвання Чэмпіянату свету, Таццяна падала адпаведную заяўку, пасля чаго паспяхова прайшла некалькі этапаў жорсткага адбору – праверку па лініі ФСБ, гутаркі, экзамены на прафесійную адпаведнасць і веданне азоў англійскай мовы. У выніку Таццяну прызначылі ў службу аховы пяцізоркавага атэля “Карынція”.

– У нашай зручнай і камфортнай гасцініцы на Неўскім праспекце спыняліся ў дні гульняў каманды Марока, Расіі, Швецыі, Бразіліі, Францыі, бачыла многіх знакамітасцяў, вось толькі фатаграфавацца было катэгарычна забаронена, – расказвае Таццяна. – Увогуле ў першыя два дні работы за намі пільна прыглядалі і пры самым дробным парушэнні інструкцый адразу адсейвалі. Правілы вельмі строгія: калі стаіш у ачапленні, нельга нават паварушыцца, яшчэ больш адказна працаваць на інтраскопе – рабіць агляд багажу на зброю, выбуховыя і наркатычныя рэчывы. Прынамсі, якраз у час гэтага працэсу давялося пазнаёміцца з трэнерам зборнай Марока Эрве Рэнарам, які, па апытанні прэсы, быў прызнаны адным з самых прывабных настаўнікаў расійскага мундыяля. І магу засведчыць, што недарэмна, бо і з намі паводзіў сябе надзвычай ветліва, інтэлігентна, з асаблівым шармам. Прыемнае ўражанне пакінула і літаральна ўся зборная Францыі, якая спынялася ў “Карынціі” падчас паўфінальнага матча з бельгійцамі. Асабліва ж спадабаліся Кіліян Мбаппе і Антуан Грызман – сваёй пазітыўнасцю, прастатой. Давялося ўбачыць і актрысу Галівуда Памелу Андэрсан, якая спецыяльна прыляцела ў Санкт-Пецярбург, каб падтрымаць перад важным матчам свайго сябра – абаронцу французскай каманды Адыля Рамі. Ну і мы, канечне, не змаглі ўтрымацца, каб употай праз шкло не паназіраць, як зорная пара прагульваецца па холе другога паверха. Увогуле для мяне здзіўленнем стала тое, што ўсе знакамітасці паводзілі сябе надзвычай прыстойна, у атэлі была ідэальная цішыня і парадак, захоўваўся патрэбны этыкет, ніхто не ўчыніў ніводнага скандалу – адным словам, зоркі не праявілі ніякіх прыкмет “зоркавай хваробы”.

– Ты прыгадвала, што ў вас спынялася таксама і зборная Расіі…

–Так. Гаспадары праводзілі на “Санкт-Пецярбург Арэне” паядынак са зборнай Егіпта. Калі расійская каманда засялялася, я якраз стаяла ў ачапленні. Усё прайшло вельмі спакойна, не было нават натоўпу балельшчыкаў ля гасцініцы, а ігракі на чале з Чарчэсавым былі маўклівыя, паглыбленыя ў сябе – відаць, настройваліся на важны паядынак, які, дарэчы, выйгралі 3:1. Затое зусім супрацьлеглым аказаўся прыезд бразільскай зборнай, які ператварыўся ў сапраўдны карнавал! За некалькі гадзін да атэлю пачала сцякацца “жоўтая рака” апранутых у бразільскія футболкі фанатаў, якія бясконца спявалі, танцавалі, размахвалі флагамі. Калі ж футбалісты выйшлі з аўтобуса, ахоўнікам давялося рукамі трымаць агароджанне, каб яно ўстаяла пад напорам гарачых прыхільнікаў Неймара і кампаніі.

А яшчэ Таццяна адзначыла, што абсалютна ўсе ўдзельнікі футбольнага форуму засталіся ў захапленні ад прабывання ў Расіі, шчыра дзякавалі арганізатарам, выказвалі намер вярнуцца сюды яшчэ раз. Падзяку за ўзорнае выкананне абавязкаў атрымала і наша зямлячка, а яшчэ прапанову працаваць у ахоўнай службе атэля, якую, праўда, адхіліла, бо шчыльны графік не дазволіў бы часта прыязджаць ва Ушачы, каб праведваць матулю Дзіну Мяфодзьеўну Шайтар. Прыгожы горад Санкт-Пецярбург, але ж бацькоўскі дом на беразе Вечалля каштуе ўсіх фестывальных фарбаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *