Информационный баннер со сведениями о музее-усадьбе Василя Быкова появился в деревне Селище

Год малой родины

“Васіль Быкаў, той самы вялікі пісьменнік? Ён сапраўды нарадзіўся тут, у вашым раёне?!” Такія выказванні людзей, што ўпершыню трапілі на Ушаччыну, даводзілася чуць неаднойчы. Сведчыць жа гэта пра тое, што свой багацейшы гісторыка-культурны і, адпаведна, турыстычны патэнцыял мы рэкламуем не надта эфектыўна.

– Думка пра неабходнасць устаноўкі на буйной трасе непадалёк ад Бычкоў інфармацыйнага банера са звесткамі пра малую радзіму нашага знакамітага земляка нарадзілася, яшчэ калі працавала дырэктарам мясцовай школы, – расказвае ініцыятар праекта старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош. – Многія госці, якія да нас прыязджалі, заўважалі, што знайсці сядзібу-музей Васіля Быкава няпроста, пыталіся, як туды праехаць. Ды і сама, калі падарожнічала па Беларусі, бачыла, як добра разрэкламаваны памятныя месцы, звязаныя, напрыклад, з асобамі Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча. А таму натуральна, што першым праектам, які запланавала ажыццявіць у рамках мерапрыемстваў Года малой радзімы, стала будаўніцтва білборда, прысвечанага нашаму класіку.

Устанавіць яго было вырашана ў вёсцы Селішча на абочыне дарогі ля павароту на Бычкі. Аб’ект, здавалася б, невялікі, аднак шлях ад задумы да ўвасаблення аказаўся даволі няпростым. І найперш таму, што фінансаваўся праект выключна са спонсарскіх крыніц. Пры гэтым М.Ярмош падкрэслівае, што ніводны чалавек з тых, да каго яна звярнулася, не адмовіў у дапамозе. Падрыхтоўку праекта ўзяла на сябе начальнік праектна-вытворчага архітэктурна-планіровачнага бюро Вера Мікалаеўна Салачэнка. Не менш дзесяці розных эскізаў пано распрацаваў былы настаўнік інфарматыкі Плінскай школы Сяргей Захаравіч Яскевіч, якому ў рабоце над макетам дапамагаў унук Дзяніс – студэнт Беларускага дзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Вялікую па аб’ёмах і затратах работу па вырабе металічнай канструкцыі банера і двухбаковага рэкламнага шчыта зрабіла прыватнае прадпрыемства “Кват”, прадстаўнік адміністрацыі якога Вера Валер’еўна Дзямешка – сама ўраджэнка Кубліч, а таму добрую грамадскую справу падтрымала з энтузіязмам.

Пасільны ўдзел у будаўнічых работах прынялі многія прадпрыемствы: так, напрыклад, Ушацкае ПМС, дырэктар якога Васіль Станіслававіч Спірчонак з’яўляецца дэпутатам райсавета па Селішчанскай акрузе, дапамагло выкапаць катлаван, ПУП “Ніксілбуд” (кіраўнік – Мікалай Мікалаевіч Бабаедаў) выдзеліла кран для ўстаноўкі білборда, дырэктар ААТ “Агра-Селішча” Уладзімір Сяргеевіч Хадан і вадзіцель пагрузчыка “Амкадор” Аляксандр Станіслававіч Войдак арганізавалі дастаўку камянёў, ПМК-66 (дырэктар – Аляксандр Лукіч Фамёнак) забяспечыла растворам. Ну а кіраўніцтва ўсімі гэтымі работамі ўзяў на сябе дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна Аляксандр Сяргеевіч Лосеў. Асабліва ж хочацца адзначыць уклад у справу дачніка з вёскі Пад’язна Андрэя Іванавіча Палтаева і старэйшыны гэтага населенага пункта Аляксандра Леанідавіча Булынка, якія выдзелілі грошы для разліку з полацкім рэкламным агенцтвам “Пэйпа”, што вырабіла пано.

“Спадзяемся, што ў бліжэйшы час да кагорты ўдзельнікаў дабрачыннага праекта далучыцца і Ушацкае ДРБУ-105, якое паабяцала ўстанавіць у Селішчы і Кублічах знакі-указальнікі з інфармацыяй пра маршрут і адлегласць да сядзібы-музея, – расказвае М.Ярмош. – Такім чынам, любы падарожнік, праязджаючы па гэтай трасе, зможа даведацца пра славутасць Ушаччыны і скарэктаваць свой маршрут, зазірнуўшы ў Бычкі”.

А яшчэ Марыя Васільеўна сцвярджае, што ўстаноўка білборда – гэта толькі адзін з пунктаў ажыццяўлення на тэрыторыі сельсавета міні-праекта “Маё сяло – мой клопат”, які рэалізуецца ў рамках маштабнага раённага праекта “Мая радзіма – Ушаччына”. “У нас яшчэ шмат цікавых задум, а выкананая работа паказала, што мы моцныя, калі шчыруем талакой, разам дбаем аб добрых справах”.

* * *

“Хацінка у Бычках –

бы пласт раллі

Сабой прыкрыла

ў землю кінутае зерне,

І толькі Богу ведама, калі

Зямля ахвяру гэту верне.

У дарогу доўга не збіраўся ён:

Пайшоў,

як быццам выканаў загад,

Каб узначаліць зводны батальён

Тых, хто ўжо не вернецца назад…

Не вернуцца… Ды памяць на вякі

Яны пакінулі,

жыцця прайшоўшы шлях.

Героі твораў і франтавікі

Стаяць адной шарэнгай у вачах”.

Гэтыя радкі Аляксандр Лосеў калісьці напісаў да адкрыцця сядзібы-музея Васіля Быкава. Адным са сваіх любімых твораў назваў Сяргей Яскевіч “Альпійскую баладу”, Вера Салачэнка прызналася, што яе моцна ўразіла аповесць “Пайсці і не вярнуцца”, а Марыя Ярмош з мноства неўміручых твораў класіка асабліва вылучае “Знак бяды”. У кожнага з нас свой Быкаў, і ўсе мы адчуваем гонар за геніяльнага земляка, што паглядае на нас з маляўнічага пано, сакавіты колер якога зліваецца з блакітам ушацкіх нябёсаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



3 комментария по теме “Информационный баннер со сведениями о музее-усадьбе Василя Быкова появился в деревне Селище

  1. Нарэшце гэта здзейснілася! Адбылося!Або, як казаў улюбёны мультгерой Чабурашка, «Мы строили-строили, и наконец-то построили!» Куды да нас НАСА з ягоным касмічным зондам «Новыя далягляды», запушчаным да Плутона! Тым больш Ілону Маску з праектам палёту на Марс! Мы пабудавалі ажно банэр, прычым у рэкордна кароткі тэрмін: мінула ўсяго толькі 15 год, як памёр Васіль Уладзіміравіч Быкаў, сумленне і гонар нацыі! І я спадзяюся, што калі-небудзь у нашым мястэчку з’явіцца і вуліца Васіля Быкава. Спадзяюся, што адбудзецца гэта хутка, — не паспеюць мае ўнукі-школьнікі на пенсію пайсці.

  2. Вядома ж, ёрнічаць прасцей, чым штосьці зрабіць. А ці гатовыя вы самі, спадары вастрасловы, пакінуць нешта карыснае на роднай зямлі?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *