Оазис красоты в Увалоках. Ольга Журавлёва и Софья Гора дали вторую жизнь родительской усадьбе

Благоустройство Год малой родины

Як стала нядаўна вядома, пад знакам Года малой радзімы ў Беларусі пройдзе не толькі 2018-ы, а і наступныя два гады. Але некаторым людзям не трэба ніякіх афіцыйных дакументаў для адраджэння роднага кута – туды яны імкнуцца па закліку сэрца. Да такіх адносяцца Вольга Васільеўна Жураўлёва і Соф’я Васільеўна Гара (дзявочае – Шнітко). Іх бацькоўская сядзіба ва Увалоках не апусцела з цягам часу, а пераўтварылася ў сапраўдны райскі куток, зайграла новымі фарбамі.

Заўсёды ў працы

Участак каля гэтага дома ніколі не бачыў пустазелля. Здаўна тут цанілі кожны метр зямлі і апрацоўвалі яе. “З дзяцінства нас прывучалі да гэтага. Бацькі не клаліся спаць, не зрабіўшы ўсе справы на падворку, а мы не ішлі гуляць, не выканаўшы даручаную работу”, – прыгадваюць сёстры.

Стаўшы дарослымі, яны не змянялі сваёй звычцы дапамагаць бацькам і часта наведваліся ва Увалокі па выхадных. Калі ж самых блізкіх людзей не стала, а жанчыны пайшлі на заслужаны адпачынак, вырашылі вярнуцца з гарадоў на малую радзіму. З красавіка па кастрычнік жывуць тут удзвюх, а зімой наведваюцца кожны тыдзень.  Успамінаюць, як у дзяцінстве садзілі па 5 сотак агуркоў, частку ўраджаю прадавалі, каб зарабіць капейку для вялікай сям’і, у якой выхоў­валася чацвёра дзяцей. Зараз маштабы гэтай культуры на ўчастку меншыя, але чаго толькі не даглядаюць гэтыя працавітыя жанчыны, каб вырашчанага хапіла і сабе, і дзецям з унукамі – не толькі стандартны набор з капусты, морквы, таматаў, буракоў, але і цеплалюбівыя кавуны і дыні. Вырошчваюць сёстры і садавіну. Багатым ураджаем за клопат штогод адорваюць яблыневы сад, вінаград, маліны, парэчкі, клубніцы і нават буякі. А колькі нарыхтовак яны робяць з усяго вырашчанага!

Іх бацькі трымалі карову, каня, авечак, птушку. Канечне, цяпер завесці рагулю жанчыны не могуць, але як толькі вясной вяртаюцца ва Увалокі, адразу купляюць курэй. Да таго ж спраўляюцца яшчэ і з пчалінай пасекай! Асноўны клопат аб усім гэтым кладзецца на плечы Вольгі і Соф’і, але пры магчымасці дапамагаюць і дзеці з унукамі. Нават пяцігадовая Насця, якая прыехала да бабуль з Мінска, нягледзячы на гарадскую прапіску, ахвотна ўжо бярэцца за пасільную ёй працу: палівае градкі, пасвіць птушку.

“Многія вяртаюцца ў родныя вёскі толькі тады, калі там ёсць возера, рэчка, лес. Мы ж з горада едзем сюды зусім не за адпачынкам. Вельмі хочацца, каб не зарастала сцяжынка да роднай хаты”, – гавораць жанчыны.

Пераемнасць пакаленняў

Уся іх вялікая сям’я любіць збірацца ў бацькоўскім доме ва Увалоках, дзе захаваны дух мінуўшчыны. Рарытэтнай у сваім родзе з’яўляецца кухонная шафа, якая дасталася ад прадзеда. Мяняць гэты прадмет мэблі, якому больш за 100 гадоў, на сучасныя гарнітуры не сталі – штосьці падмацавалі, крыху падфарбавалі, чым захавалі шафу практычна ў некранутым выглядзе. Казачнай атмасферы дому надае і вялізны куфар, што размясціўся ў цэнтральным пакоі. У ім у свой час захоўвалі будучы пасаг для прадстаўніц жаночай паловы сямейства – зараз жа ён выступае ў ролі традыцыйнай шафы.

Нямала старых рэчаў, якія ў руках дбайных гаспадароў атрымалі другое жыццё, і ў двары. Выдатным дэкаратыўным элементам стаў калаўрот, на якім прала маці гераінь нашага аповеду. “Такога майстра яшчэ пашукаць трэба было! – расказ­вае Вольга Васільеўна. – Нітка атрымлівалася надзвычай тонкай, але трывалай. Мы хоць і не перанялі ад мамы сакрэтаў прадзіва, але яе галоўны рабочы інструмент захавалі. Прыемна, што зараз нашы ўнукі, ды і суседскія дзеці нярэдка падыходзяць да калаўрота, цікавяцца яго ўладкаваннем”.

Знайшоў сваё прымяненне ля дома і стары конскі вазок, які шмат гадоў праслужыў у гаспадарчых мэтах. Ну а каб выглядаў максімальна арганічна, гаспадары “запрэглі” ў яго драўлянага коніка.

У гэтай сям’і адказна берагуць здабыткі продкаў. Колькі разоў прапаноўвалі ім немалыя сумы за продаж старога дзедаўскага дома, што размешчаны ля бацькоўскага – не пагадзіліся. І хоць выкарыстоўваецца памяшканне найперш як склад, развітацца з ім сёстры не гатовы.

У аазісе прыгажосці

Над афармленнем двара С.Гара і В.Жураўлёва вельмі пастараліся. Заходзіш да іх – і трапляеш нібыта ў казку. Вочы разбягаюцца ад мноства рознакаляровых кветак: ірысаў, гваздзікоў, петуній… Прывабліваюць не толькі жывыя, але і зробленыя з пластыкавых бутэлек. Бліжэй да сада ўзвышаецца яблынька, якая пастаянна “цвіце” – яе гаспадыні зрабілі з сухога дрэўца, прымацаваўшы да галін штучныя кветкі. Удала ўпісаўся ў інтэр’ер былы веласіпед унучкі, які стаў адмысловай падстаўкай для вазонаў. “Плаваюць” сярод кветнікаў, у тым ліку “бутэлечных”, лебедзі з пакрышак.

“Не адзін год мы з Вольгай добраўпарадкоўваем двор, – расказвае Соф’я Васільеўна. – Пачыналі з кветак, зрабілі альпійскую горку. Паступова тэрыторыя “абрастала” рознымі экспанатамі – прыладамі накшталт старога праса, вядзёр і нават абутку. Дайшла чарга і да плоту, які набыў выгляд пачака з каляровымі алоўкамі”.

“Памаладзеў” і дзедаўскі дом. На пацямнелых сценах удала размясціліся яркія выявы прадстаўнікоў флоры і фауны, вырабленых з пластыкавых бутэлек і накрывак ад іх. Дызайнерам усёй гэтай прыгажосці з’яўляецца Вольга – у мінулым бухгалтар, Соф’я – тэхнолаг цяплічнай вытворчасці са здольнасцямі будаўніка – увасабляе ў жыццё задумы.

Не пакідаюць гаспадыні на “самаўпраўнасць лёсу” і суседні двор, закінуты пасля пажару, – абкошваюць траву, прыбіраюць смецце. Знаёмыя гавораць, што ў сясцёр не толькі ў двары і ў доме, але і ў сэрцах прыгажосць і парадак. Не перастаюць, аднак, здзіўляюцца іх пастаяннаму натхненню, вялікай фантазіі і апантанасці ў афармленні сядзібы. Прычым, не толькі па-добраму зайздросцяць, а і самі імкнуцца не адставаць – таксама наводзіць прыгажосць.

Вольга КАМАРКОВА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *