Александр Баратынский — специалист, которого ждут в каждом магазине

Экономика и малый бизнес

Накіраваўшыся раніцай па заяўцы ў Сорзава, Аляксандр Мікалаевіч Баратынскі вярнуўся ва Ушачы толькі адвячоркам, атрымаўшы на працягу дня ад намесніка старшыні райспажыўтаварыства Ю.Ф.Хоміча яшчэ не адно заданне.

– У нас 384 адзінкі халадзільнага абсталявання толькі ў магазінах непасрэдна Ушацкага раёна, – расказвае пра зону абслугоўвання электрамеханіка Юрый Феадасеевіч. – А яшчэ на бойні, размеркавальных складах і ў аўтакрамах, плюс ва ўсіх тых кропках Глыбоцкага і Полацкага раёнаў, якія мы ўзялі ў арэнду. Зразумела, што многае служыць не год і нават не сем, як разлічана, а майстар па рамонце ў нас толькі адзін. Таму і атрымліваецца, што Аляксандр Мікалаевіч у пачатку рабочага дня не ведае ні што давядзецца рабіць, ні дзе апынецца.

– Мы выязджаем з аднаго краю раёна, а вяртаемся з другога, жартуем, што ў суседзяў знакі-указальнікі трэба мяняць, каб паказвалі не на Полацк ці Глыбокае, а на Ушачы, – дабаўляе загадчык гандлёвага аддзела Ганна Уладзіміраўна Хамёнак. – Бываюць, канечне, дні, што нічога не ламаецца, але гэта не зараз, калі ў нас настолькі пашырылася зона абслугоўвання. Ды і не летам.

– Калі шчыра, водпуск не адзін як след не адгуляў, калі толькі ранняй вясной ці восенню, – расказвае Аляксандр Мікалаевіч. – Тады на рыбалку люблю з’ездзіць, ды і на дачы ў Лажанях клопату хапае. А зараз яшчэ не ўсе новыя магазіны далучанай зоны аб’ехаў. А спякота якая стаіць.

– Толькі ў водпуск адправім, як праз некалькі дзён адклікаем, – пацвярджае Ю.Хоміч. – Гэта спецыяліст, якога ў нас ніхто не можа замяніць. Таму і начныя выклікі, і па выхадных, і пасля рабочага дня, на жаль, здараюцца. На ім захаванасць тавару на вельмі вялікія сумы. Аднойчы маразільная камера выйшла са строю, а ў ёй 10 тон чарніц. Зразумела, яны за гадзіну не размарозяцца, аднак і невялікага падтавання дастаткова, каб тавар стаў непрыдатным. Ратаваў жа яго, канечне, А.Баратынскі. На якія сумы, ніхто не лічыў, паколькі не сапсаваўся. Але гэта можна ўявіць па наступным прыкладзе. Разавае абслугоўванне кандыцыянера спецыялістамі з Віцебска абышлося ў 54 рублі.

Гэты ўраўнаважаны камунікабельны мужчына ­ самы чаканы наведвальнік літаральна кожнага магазіна, асабліва ў цёплую пару года. Яго тэлефон ведаюць усе загадчыкі крам. Ды і нават калі нічога не здараецца, работы электрамеханіку хапае: сочыць за тэмпературным рэжымам. І Аляксандр Мікалаевіч на зубок ведае, якой яна павінна быць у банетах з ахалоджаным мясам, рыбай ці марожаным.

Ён таксама рамантуе ўсё тэхналагічнае абсталяванне: печы, мясарубкі, што працуюць у цэху грамадскага харчавання, рэстаране, піцэрыі. А з кожным годам яго колькасць толькі павялічваецца. Напрыклад, адкрытыя банеты, што стаяць у “Родным куце”, ахалоджваюцца вялізнай халадзільнай апаратурай з падвальнага памяшкання. Зусім нядаўна яны былі на гарантыі, а значыць ў зоне адказнасці вытворцаў. Зараз – на А. Баратынскім. Ён жа дарадца Ю.Ф.Хоміча ў выбары новага абсталявання, бо таварыства актыўна пераходзіць на эканамічнае. Вось і адкрытыя банеты, што спажываць 24 кілаваты ў суткі, мяняюцца на закрытыя, эканомныя амаль ў чатыры разы. Для А.Баратынскага асвойваць навінкі і рынкі – у задавальненне. Колькі працуе, столькі вучыцца – вось ужо 37 гадоў. І амаль столькі ж самому служыць халадзільнік “Сайга”, які і зараз у страі – перадалі сыну, набыўшы ў кватэру новую марку.

У яго працоўнай кніжцы толькі два запісы, аднак месца працы – адно. Як і ў 1981 – абслугоўваў халадзільнае абсталяванне Ушацкага райспажыўтаварыства, хоць спачатку і працаваў ад Віцебскай спецыялізаванай арганізацыі. Спачатку штодня ездзіў ва Ушачы з роднай Блізніцы Полацкага раёна. Дарэчы, менавіта там, на танцах, і пазнаёміўся з будучай жонкай – ушачанка Галіна Быкава праходзіла практыку ў адной з самых моцных гаспадарак вобласці, а з дыпломам вярнулася ў родныя “Кублічы”. Хутка яе перавялі ў племстанцыю, і маладой сям’і выдзелілі невялікую кватэру ў райцэнтры, пазней пабудавалі кааператыўную. Ці варта казаць, што і там усё працуе, а за паслугамі спецыялістаў гаспадар практычна не звяртаецца. Затое да яго – многія, і Аляксандр Мікалаевіч ніколі не адмовіць у кансультацыі. Такі запатрабаваны гэты сціплы таварыскі чалавек, які ўчора адзначыў 60-гадовы юбілей.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *