Возможностью получить консультацию нотариуса во время «прямой линии» воспользовались 8 человек

Правовая консультация

Магчымасцю атрымаць бясплатную кансультацыю натарыуса Ж.Л.КАВАЛЕНКІ падчас “прамой лініі” ў мінулую сераду скарысталася 8 чалавек. І хоць расказвалі людзі пра свае прыватныя сітуацыі, аднак адлюстроўваюць яны тыповыя жыццёвыя і адказы на іх спатрэбяцца іншым ушачанам.

– У Расіі памерла сястра і на маё імя пакінула завяшчанне. Ехаць я туды не магу, а даручыць афармленне няма каму.

– Канечне, лепшы варыянт – скласці даверанасць на чалавека, які б займаўся потым Вашай спадчынай. Аднак калі такога няма, то Вы можаце ў натарыяльнай канторы скласці заяву і адаслаць яе ў Расію. Такім чынам Вы не згубіце тэрмін, адведзены на прыняцце спадчыны, а Вам пісьмова адкажуць, што рабіць далей.

– Муж пражывае зараз асобна, там і зарэгістраваны, удзел у прыватызацыі кватэры не прымаў. У выпадку скасавання шлюбу ці будзе мець на яе права?

– Адразу не адкажу, трэба, каб Вы прыйшлі на кансультацыю з усімі дакументамі. Добра, калі ў падобных выпадках складаецца шлюбны дагавор, у якім бы адразу агаворвалася, што муж у працэсе прыватызацыі не ўдзельнічае і на кватэру не прэтэндуе. Такія прыклады ёсць.

– Бабуля памерла і пакінула на мяне завяшчанне, аднак у яе ёсць свае дзеці і я не хачу прымаць спадчыну. Што рабіць?

– Вы можаце не рабіць нічога і праз 6 месяцаў згубіце законнае права на ўступленне ў спадчыну. Аднак больш правільна ўсё ж прыйсці ў натарыяльную кантору і пісьмова адмовіцца ад яе: вашы родныя (дзеці бабулі) у такім выпадку змогуць падаваць дакументы з гэтага моманту, а не праз 6 месяцаў.

– Забрала да сябе з Віцебска дваюрадную цётку і даглядаю. Яна на маё імя хоча скласці завяшчанне. Ці правільна гэта, і ці змогуць аспрэчыць яго родныя пляменнікі?

– Яна можа напісаць завяшчанне, на каго захоча, а аспрэчыць яго могуць толькі спадчыннікі першай чаргі (дзеці, бацькі, муж, жонка) і выключна ў тым выпадку, калі з’яўляюцца непрацаздольнымі.

– Хачу аформіць на сына даверанасць на права кіравання аўтамабілем. Ён са мной не пражывае, ці ўплывае гэта?

– Месца рэгістрацыі не мае значэння, а вось роднасныя адносіны ўплываюць на суму натарыяльнай паслугі. Для блізкіх людзей (жонка, муж, дзеці, бацькі, родныя браты і сёстры, унукі, дзед, бабка, удачароныя і ўсыноўленыя) існуе натарыяльны тарыф – адна базавая велічыня, для астатніх – дзве.

– Хацела б сваю кватэру пакінуць траюраднай сястры, блізкіх родных у мяне няма. Лепш завяшчаць або падарыць, і што будзе, калі я гэтага не зраблю?

– У вашым выпадку лепш пакінуць завяшчанне. Калі ж ніякіх дзеянняў не зробіце і ніхто з родных не звернецца па спадчыну, то кватэра будзе лічыцца вымарачнай і пяройдзе ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, дзе знаходзіцца нерухомасць. Канечне, сястра можа і самастойна пасля Вашай смерці прэтэндаваць на спадчыну, аднак ёй давядзецца дакументальна пацвярджаць роднасныя адносіны.

– Бацькі, калі знаходзіліся ў шлюбе, пабудавалі кватэру, у якой таксама пражывае бабуля – бацькава маці. Мая ж мама зараз зарэгістравана ў іншым месцы, ці мае яна права на долю кватэры і якую?

– Пытанне не ў кампетэнцыі натарыята. Калі ў вас спрэчныя пытанні наконт нерухомасці, трэба звяртацца ў суд, дзе і будуць высвятляць долю кожнага ў будаўніцтве кватэры.

– Атрымліваю аліменты па пошце. Збіраюся на паўгода пакінуць Ушачы, ці можа іх забіраць мая маці?

– Так, дастаткова натарыяльна аформіць на яе даверанасць, прычым ад натарыяльнай пошліны вы вызваляецеся, давядзецца заплаціць толькі 4 рублі 90 капеек за паслугі тэхнічнага характару.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *