Ушачанка Мария Прашкович, которая вошла в число финалисток «Мисс Беларусь-2018», рассказывает о своей жизни, семье и работе

Образование и молодежь

Хоць і лічыць Раман Прашковіч, магістрант універсітэта імя Машэрава, удзел сястры ў “Міс Беларусь-2018” нязначным дасягненнем, аднак знаёміць яе з сябрамі, якія часта пытаюцца тэлефончык, не спяшаецца. Вельмі строга, на правах старэйшага, ці нават па-максімалісцку ставіцца да ўсяго, што акружае Машу.

Татава дачка

– Брат проста раўнуе, я гэта разумею, – усміхаецца прыгажуня і вельмі мілагучным галаском “вяртае ў дзяцінства”, – сама так жа ставілася да яго перамог, калі Раман займаўся гандболам у Лужаснянскім каледжы для адораных дзяцей і прывозіў шматлікія кубкі. Таму і найвялікшая радасць для мяне ад удзелу ў конкурсе – што мной ганарыцца тата. Ён сядзеў у другім радзе, літаральна за ім – Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, у якога, дарэчы, мы пабывалі ў гасцях – у якасці выключэння была экскурсія ў яго кабінет у Палацы Незалежнасці. І цяпер, калі я дома, тата імкнецца рабіць маленькія прыемныя сюрпрызы.

– Чаму менавіта тата?

– Маці заўсёды любіць сваіх дзяцей. А павагу бацькі варта заваяваць. У Мінск яны прыехалі з камандай падтрымкі ажно з 11 чалавек – у нас вялікая радня, толькі ў бацькі чацвёра братоў і сясцёр. Нам раілі не глядзець у залу, маўляў, усё роўна нічога не ўбачым, паколькі там цемень, а мы пад пражэктарамі. Але падчас дэфіле ў купальніках я ўбачыла адзін твар, другі… і нечакана – свой. Гэта сястра з Наваполацка Вольга Тапкіна зрабіла вялікі партрэт і падымала яго падчас майго выхаду разам з хроснай маці Ірынай Вяр’ясавай. Наогул бачыць радасць на вачах родных – гэта задавальненне.

Віншуюць і незнаёмцы

Перажывалі, ганарыліся і дапамагалі падчас падрыхтоўкі шоу вельмі многія ўшачане. Галіна Віннік параіла ідэю і пашыла ўбор “Гаспадынькі” – менавіта такі вобраз арганізатары абралі Марыі, і яго адобрылі. Аляксандра Коршун у 5 гадзін раніцы рабіла макіяж і прычоску, а Ганна Бабянок змайстравала ўпрыгожанне да ўбрання мамы. Фінал праходзіў 4 мая, у дзень святкавання прарыву блакады на Ушаччыне, аднак вадзіцель заказанага мікрааўтобуса Сяргей Спірыдовіч, які быў задзейнічаны на мерапрыемстве, запэўніў, што абавязкова знойдзе замену, калі не паспее сам. Усім дзялілася канкурсантка са сваімі сяброўкамі Оляй Сандзюк і Насцяй Шлехтуновай. А ў Мінску непасрэдна падчас падрыхтоўкі да фіналу і ўсіх дэфіле за яе хварэла і дапамагала вядомы візажыст Іна Цімафеева. “Мы былі знаёмы па дачы ў Праніках, а сустрэча ў Мінску аказалася нечаканай. Толькі я хацела паправіць вядучую, якая няправільна зрабіла націск на “Ушачы”, як мяне апярэдзіла Іна. Яна на конкурсе курыравала ўсіх візажыстаў”.

А наведванне другога паверха ўнівермага стала больш частым: да прадаўца Наталлі Вікенцьеўны Прашковіч да гэтага часу спецыяльна заходзяць нават незнаёмыя людзі. Марыю пазнаюць на вуліцы і ў грамадскім транспарце. Ну а першым павіншаваў з выхадам у фінал (тады са ста канкурсантак засталося толькі трыццаць) праз хвіліну пасля тэлефанавання з АНТ Жэня Крывёнак з Баяршчыны. Яны зусім незнаёмы, калі не лічыць, што хлопец – зямляк Дзмітрыя Пятровіча Прашковіча, які родам з Мажуек.

Аб тым, што вельмі многія ўважліва сачылі за ходам галасавання, сведчыць і той факт, што Раман даведаўся пра ўдзел у ім сястры ад сваіх сяброў. Колькасць жа Марыіных у інстаграме, “ВКонтакте” павялічылася ў разы, з 200 да 600 толькі падпісчыкаў, а відэа з вяртання дамоў набрала 4 тысячы праглядаў.

Любімае месца – Пранікі

Ну а ўсё астатняе засталося нязменным. Прыгажуня зусім не захварэла зоркавай хваробай. Так жа з 7 раніцы да 18 гадзін займаецца з асаблівымі дзецьмі ў наваполацкім дзіцячым садку №17, рыхтуецца да чарговай сесіі ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі. А калі з’яўляецца магчымасць, імкнецца ў свае любімыя Ушачы і Пранікі. Па-ранейшаму кантралюе сябе ў ежы, ні ў чым не адмаўляючыся, але замяняючы беленькае на зефір ці мармелад. Калі выпадае час, наведвае трэнажорку.

А гэту суботу правяла ў фармаце “Я і прырода”, многа гуляла па наваколлі, рабіла здымкі, ратавала страказу, любавалася кветкамі. Але ўсё гэта пасля дапамогі бацькам: стрыжкі тэрыторыі вакол дачы лёгкім трымерам.

Наступныя выхадныя прысвеціць фотасесіі ў Віцебску. Мінулыя былі ў Магілёве: усіх фіналістак запрашалі падтрымаць “Дынама-Брэст” на фінальным матчы. І Марыя гучна падбадзёрвала будучых уладальнікаў Кубка Беларусі, уяўляла, як сама нясецца да варот, не бачачы праціўніка – гуляла ў каледжы ў міні-футбол, а яшчэ была лідарам каманды па валейболе. Прызнаецца, што не выдатны ігрок, намнога лепшы капітан, ведае, што сказаць і як узняць камандны дух.

Дзіцячыя мары

Удзельнічаць у конкурсах прыгажосці Маша марыла з дзяцінства. Дэбютавала на міс-атрада ў лагеры энергетыкаў – Дзмітрый Пятровіч працаваў вадзіцелем, а цяпер слесарам у раёне электрычных сетак. Да гэтага часу памятае не толькі ганаровую стужку з гафрыраванай блакітнай паперы, але і вершы, якія склала для візітоўкі. Смяецца з іх. Вельмі хацела быць “Міс-Ушачы”, аднак конкурс адмянілі і дзяўчына са сваімі нарыхтоўкамі выступіла ў “Міс-Наваполацк”, атрымаўшы адзін з тытулаў. Глядзела падобныя перадачы і чакала спаўнення 18 гадоў, каб паўдзельнічаць у “Міс-Беларусь”.

Праўда, сёлета за работай спусціла б гэту справу на тармазах. Яе ў прамым сэнсе падштурхнула загадчыца сада. “Не бачыла цябе на кастынгу Наваполацка”, – сказала Аксана Петкевіч, з якой Марыя была знаёма яшчэ да працаўладкавання, – жанчына выкладала дэфіле падчас падрыхтоўкі да “Міс-Наваполацка”. А ў красавіку, калі канкурсанткі былі на здымках у Мінску, пусціла ў водпуск, хоць канец вучнёўскага года – напружаная пара ў садках.

А яшчэ Маша марыла быць падобнай на свайго выхавацеля ў садзе №4 Наталлю Дзмітрыеўну. “Яна была заўсёды рухомая, цікавая. Дзякуючы ёй я і абрала гэтую прафесію. Сама ж з дзецьмі строгая і добрая адначасова, мне трэба, каб быў поўны парадак і паслухмянасць”. Гэта, напэўна, ад бацькоў, якія выхоўвалі сына і дачку ў дысцыпліне.

Бунтар па натуры

Памятаю, аднойчы падчас цяжарнасці Наталля Прашковіч сказала: “Няхай бы ўжо і другі хлопчык быў”. Ведала, што дзіцё абавязкова будзе высокім і ніяк не ўяўляла дачку мадэллю, наадварот, баялася, што дзяўчынка будзе камплексаваць. Марыю гэтае адкрыццё здзівіла. Яна ніколі не саромелася, што вышэй астатніх дзяўчынак. Можа надзець любы абцас і прайсціся з хлопцам ніжэй за сябе: “Галоўнае, каб цікавы субяседнік быў”. Дарэчы, нягледзячы на мноства прапаноў пазнаёміцца, маладога чалавека ў яе няма. “Менш за ўсё хачу, каб са мной сябравалі за ўдзел у “Міс Беларусь”, трэба, каб любілі такую, якая ёсць.

Ці адпавядае Машы вобраз гаспадынькі? Гатаваць яна, канечне, умее і нават лю­біць, прычым, з задавальненнем адшукае нейкі нетрадыцыйны рэцэпт і ўпрыгожвае, як на выставу. Але паслухмяным дамаседам яе не назавеш. Хутчэй бунтар, які ведае субардынацыю, аднак нікога не баіцца. І не губляецца таксама. Пры адборы ў Віцебску, калі члены журы пачалі адначасова задаваць пытанні, сказала: “Стоп, давайце па чарзе”. З таго часу дырэктар дырэкцыі спецыяльных праектаў АНТ Іван Падрэз у складаных сітуацыях, калі ў некага з дзяўчат нешта не атрымлівалася, клікаў Марыю. З гэтым звязана і замінка на фінальным конкурсе. Усе вырашылі, што Маша перанервавалася, таму і няўпэўнена адказвала, а яна змагалася са смехам, паколькі напярэдадні падчас рэпетыцыі ёй давялося адказваць менавіта пра тры жаданні.

З кожным годам “расце”

– Калі я не “Міс Беларусь”, значыць, нешта не так і трэба працаваць, – зрабіла вывады трапіўшы ў дзясятку Марыя і для сябе ўжо накідала планы далейшага руху наперад у мадэльным бізнесе, хоць і трымае іх у сакрэце. – Пераканалася, што ў мяне ёсць пачуццё стылю, паколькі да конкурсу падбірала адзенне сама. А таксама ў тым, што абавязковы складнік абаяльнасці – заставацца самой сабой. Я не баюся паказацца смешнай, паколькі здольная на непрадбачаныя ўчынкі, такая і ёсць. Аднойчы ў дзяцінстве ашаламіла маці, завітаўшы да яе на работу з яркім макіяжам і ў ніжняй сарочцы. Я не думала, што такія прыгожыя рэчы не носяць асобна. А на кастынг прыходзілі не горшыя дзяўчаты, якія засталіся за кадрам з-за адсутнасці харызмы. У мяне ж будуць яшчэ конкурсы.

Сапраўды, у чэрвені ёй споўніцца толькі дзевятнаццаць, а яна ўжо многага дасягнула. З’явілася шмат дзелавых кантактаў, прапаноў. На работу ў мадэльных кампаніях за мяжой, ад мадэльера Юліі Латушкінай, чые касцюмы дэманстравалі. Праўда, некаторыя раяць ёй крыху пахудзець у бёдрах: замест “класічных” 90, у яе 94. “Гэта генетыка і я не збіраюся худзець насуперак здароўю, – супакойвае Маша маці. – У мяне такая косць, і дзякуй Богу, мне ж дзяцей мець, а многія не могуць нарадзіць менавіта з-за вузкага таза”.

Наогул у гэтай рашучай дзяўчыны трывалыя арыенціры, з якіх наўрад ці саб’еш. І яшчэ адна цудоўная якасць – яна прыслухоўваецца да парад прафесіяналаў (толькі іх), як губка ўсмоктвае ўсё – і расце. Таму пераканана, што ў бацькоў, ды і ва ўшачан будзе не адна падстава ганарыцца Марыяй Прашковіч.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *